Віцебскія настаўнікі далучыліся да пратэстаў супраць міліцэйскага гвалту
Увечары 19-га жніўня група настаўнікаў выйшла з плакатамі на плошчу Перамогі, іх ініцыятыву падтрымалі іншыя гараджане.
Каля гадзіны людзі пастаялі на плошчы, а потым калона з некалькі сотняў чалавек рушыла па горадзе – такімі “перасоўнымі” пратэстамі сканчваецца ў Віцебску практычна кожны дзень гэтага тыдня. Адзін з удзельнікаў “настаўніцкай” акцыі тлумачыць свае мэты:
– Гэты мітынг – пратэст супраць таго, што адбываецца ў нашай краіне, якое беззаконне творыць улада. Але ідзе ў СМІ інфармацыя, нібыта ўсё настаўнікі за гэтую ўладу, што яна падтрымліваюць так званага прэзідэнта. І мы выйшлі, каб развеяць гэты міф, паказаць, што настаўнікі – таксама з народам, і патрабуем чэсных выбараў.
Настаўнікі згаджаліся, што ў фальсіфікацыях на выбарчых участках вінаватыя і іхнія калегі. Але цвердзілі, што настаўнікаў запалохваюць і змушаюць да ўчынкаў, за якія потым бывае глыбока сорамна. Але так працягвацца не можа, і супраць такіх парадкаў у сістэме адукацыі і ў краіне трэба змагацца, лічыць удзельніца маніфестацыі:
– Нашы калегі пакуль што баяцца выйсці. На жаль, вельмі мала адкрытых выступаў настаўнікаў тут, у Віцебску. Але я спадзяюся, што гэта зменіцца. Бо якое маральнае выхаванне, патрыятычнае або нацыянальнае мы можам даць пры гэтай уладзе? Ды ніякага!
Падчас акцыі паміж шэрагамі пратэстоўцаў некалькі разоў праходзіў міліцэйскі патруль з мегафонам. Але ўдзельнікам не перашкодзілі завяршыць акцыю на плошчы і прайсці па горадзе.
Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск