Камянецкі блогер: Нават у вёсках людзі галасавалі за альтэрнатыўных кандыдатаў
Як выглядае сітуацыя пасля выбараў у такім малым горадзе як Камянец Берасцейскай вобласці? Ці гатовыя там чыноўнікі ісці на дыялог? Ці могуць пратэсты ў невялікіх населеных пунктах стаць прыкладам для абласных цэнтраў?
Адказы на такія пытанні шукаў Госць Рацыі — камянецкі блогер Алесь Анішчук:
РР: Што адбывалася ў Камянцы за апошнія два тыдні? Як можна ахарактарызаваць гэтыя падзеі?
Алесь Анішчук: Галоўная падзея гэтых двух тыдняў – гэта выбары прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Гэтая падзея ўзрушыла ўсё грамадства, таму што паўсюль, і ў горадзе і ў вёсцы, людзі гавораць толькі на адну тэму. Амаль усе галасавалі за альтэрнатыўных кандыдатаў. А нібыта перамог зусім іншы. Пачынаючы з 10 жніўня людзі ў Камянецкім раёне пачалі выходзіць на вуліцы. Людзей было не шмат. Напрыклад, у Камянцы максімум было каля 300 чалавек. У Высокім – гэта да сотні. Людзі патрабавалі ад мясцовай улады каб выпусцілі палітвязняў, такія з’явіліся нават у нас у раёне. Па неафіцыйных звестках, якія не пацверджаныя Міністэрствам унутраных спраў, у Камянцы было затрымана 13 чалавек, у Высокім – таксама 13 чалавек. Таксама былі затрыманні ў вялікіх вёсках. Але гэтая інфармацыя не пацверджаная пакуль што.
РР: Што вам вядома пра затрыманых у Камянцы? Ці выпусцілі ўжо ўсіх? Па якіх артыкулах яны праходзяць? І ці ёсць там пацярпелыя?
Алесь Анішчук: Тыя, хто быў затрыманы ў Камянцы, – перадусім гэта 4 альтэрнатыўныя назіральнікі. Адзін проста ехаў на ровары і без ніякай падставы яго затрымалі і адвезлі ў пастарунак. Іншых затрымалі пасля закрыцця ўчасткаў для галасавання, за тое, што яны патрабавалі азнаёміцца з выніковымі пратаколамі па ўчасткам, дзе яны былі назіральнікамі. Выпусцілі два дні таму, калі ў Камянцы сабраўся найбольш вялікі натоўп насупраць мясцовага РАУС. Магчыма гэта неяк паспрыяла. Таму што, наколькі я ведаю, ім прысудзілі 15 сутак, а выпусцілі праз 10.
РР: Што вядома пры вынікі галасавання? Ці атрымалася зафіксаваць пратаколы? І ці гэтая тэма зараз абмяркоўваецца сярод мясцовага насельніцтва?
Алесь Анішчук: Вынікі галасавання вядомы толькі па адным з участкаў у горадзе Высокае. Там з вялікай перавагай перамагла Ціханоўская. На другім месцы Лукашэнка. На астатніх участках ніхто не пазнаёміў з вынікамі. Людзі, якія выходзілі на вуліцы, давалі запыты ў выканкамы, але ім ніхто не даў адказу. Сказалі, што ўсе звесткі яны перадалі ў Берасце, маўляў, у іх нічога няма.
Камянецкі блогер Алесь Анішчук перакананы, што змены павінны пачынацца з абласных цэнтраў. Малыя гарады могуць толькі падтрымаць хвалю.
Цалкам размова:
Беларускае Радыё Рацыя