Пра абяцанкі-цацанкі дзяржаўных прафсаюзаў



Дзяржаўныя прафсаюзы паабяцалі разабрацца з кожным выпадкам выяўлення гвалту. Заявіў пра гэта старшыня гэтых самых праўладных прафсаюзаў Міхаіл Орда. То бок у краіне, нават паводле афіцыйных дадзеных, пяць смерцяў, звязаных з выбарамі. А колькі яшчэ людзей сваякі не могуць знайсці. Акрамя гэтага ўжо маецца кучу фотафіксацый і расповедаў затрыманых пра катаванні і нечалавечае абыходжанне з мірнымі дэманстрантамі. А Міхаіл Орда абяцае разабрацца. Ды ў іншых нармальных краінах прафсаюзы ўжо б абвясцілі агульнанацыянальны страйк усіх прадпрыемстваў, запатрабавалі б міністра МУС сысці ў адстаўку і запатрабавалі б завесці крымінальныя справы ў дачыненні да прадстаўнікоў сілавых структур. А афіцыйныя прафсаюзы абяцаюць разабрацца. Такое адчуванне, што гаворка ідзе пра пуцёўкі, якія выдалі не таму, каму трэба, а не пра жывых людзей, якім сапсавалі жыццё і здароўе.

Міхаіл Орда як прадстаўнік прафсаюзаў запатрабаваў прыцягнуць да адказнасці ўсіх сілавікоў, датыных да збіцця і катаванняў? Не. Ён усяго толькі паабяцаў разабрацца з кожным выпадкам. Ён пад’ехаў на Акрэсціна? Не. Ён сустрэўся з ахвярамі катаванняў і збіцця? Таксама не. А сярод закатаваных ёсць і тыя, у каго аўтаматычна забіралі грошы на дзейнасць тых жа самых дзяржаўных прафсаюзаў. Аднак федэрацыя прафсаюзаў нешта не вельмі імкнецца абараняць сябраў сваёй арганізацыі. А толькі абяцае разабрацца. Ага, разбярэцца. На святыя ніколі. Затое ўнёскі бярэ на сваю дзейнасць рэгулярна.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ