Перастаў выходзіць на сувязь член страйкама „Беларуськалія” Дзмітрый Кудзялевіч



Перастаў выходзіць на сувязь член страйкама ААТ „Беларуськалій” Дзмітрый Кудзялевіч.

„Член страйкавага камітэта ААТ „Беларуськалій” Кудзялевіч Дзмітрый з 11 гадзін 17 хвілін перастаў выходзіць на сувязь. Як мяркуецца, Дзмітрый быў затрыманы ў сваім аўтамабілі неўстаноўленымі асобамі”, — паведаміў страйкам у сваім тэлеграм-канале.

„Ён гаварыў па тэлефоне з членам нашага страйкама, потым сувязь абарвалася. Пакуль мы не ведаем, што з ім. Ён паспеў сказаць, што да яго падышлі двое невядомых, запатрабавалі выйсці з машыны”, — распавёў БелаПАН прэс-аташэ страйкама Глеб Сандрас.

Ён пацвердзіў намер страйкама пачаць галадоўку, калі ўлады працягнуць націск на ўдзельнікаў забастоўкі.

19 жніўня на мітынгу ў цэнтры Салігорска (Менская вобласць) прадстаўнікі страйкама „Беларуськалія” заявілі пра гатоўнасць пачаць галадоўку, калі на шахцёраў, якія ўдзельнічаюць у забастоўцы, будзе аказвацца націск: пагрозы, звальненні, сілавое ўздзеянне. У страйкаме падкрэслілі, што згодна з Канстытуцыяй рабочыя „маюць права на абарону сваіх эканамічных і сацыяльных інтарэсаў, у тым ліку праз рэалізацыю права на забастоўку”.

На мітынгу быў абнародаваны спіс патрабаванняў страйкама:

— прызнаць вынікі выбараў прэзідэнта несапраўднымі;

— прыцягнуць Аляксандра Лукашэнку і Лідзію Ярмошыну да адказнасці за злачынствы супраць народа і фальсіфікацыю выбараў;

— вызваліць усіх палітвязняў і ўдзельнікаў мірных акцый, прызнаць усе пастановы і прысуды, вынесеныя ў дачыненні да іх, неабгрунтаванымі і незаконнымі;

— не дапускаць прымянення мер адміністрацыйнага ўздзеяння ў выглядзе дысцыплінарнага, адміністрацыйнага, і крымінальнага пакарання ў дачыненні да асоб, якія ўдзельнічаюць у забастоўцы;

— захаваць дзеянне цяперашняй калектыўнай дамовы ААТ „Беларуськалій” на час забастоўкі і да заканчэння тэрміну яе дзеяння;

— адмяніць кантрактную форму найму з захаваннем даходу работнікаў, дзе тарыфная частка складае не менш за 80% прыбытку работніка.

Страйкам запатрабаваў ад кіраўніцтва „Беларуськалія” апублікаваць пералічаныя патрабаванні ў СМІ і „іншых рэсурсах, якія забяспечваюць масавае азнаямленне грамадскасці і дзяржаўных органаў”.

Цяпер частка абагачальных фабрык на „Беларуськаліі” не працуе. Рабочыя дамовіліся штодня збірацца ў 9.00 і 16.00 для абмеркавання наяўнай сітуацыі.

ААТ „Беларуськалій” — адзін з найбуйнейшых у свеце вытворцаў і экспарцёраў калійных угнаенняў. Паводле дадзеных Міжнароднай асацыяцыі ўгнаенняў, на яго долю прыпадае пятая частка сусветнай вытворчасці калійных угнаенняў. Прадукцыя прадпрыемства экспартуецца больш чым у 120 краін. 100% акцый „Беларуськалія” належаць Рэспубліцы Беларусь. Паводле апошніх афіцыйных дадзеных, на прадпрыемстве працуе больш за 16 тысяч чалавек.

belapan.by