У Віцебску працягваюцца суды над “дзяўчатамі ў белым”



Судзяць удзельніц акцый супраць гвалту, якія прайшлі 12-га жніўня па ўсёй Беларусі, але толькі на віцебскіх жанчын і дзяўчат міліцыя склала пратакола паводле артыкула 23.34 КаАП. У абласным цэнтры прайшлі некалькі “жаночых” мірных пратэстаў, міліцыянты затрымалі агулам больш як 20 удзельніц. У судзе Кастрычніцкага раёна гэтымі днямі разбіраюць адміністрацыйныя справы дзяўчат, затрыманых а 17.30 на Маскоўскім праспекце, яшчэ адна група жанчын выйшла ў той дзень у белым адзенні і з белымі кветкамі да гарадской ратушы.

Дзяўчатам страшна, бо ўсе яны ўпершыню апынуліся ў судзе, і ніхто з іх не згодны пагадзіцца, што мірны пратэст – гэта правапарушэнне, кажа Ала Спірыдонава:

– Кожныя 5 хвілін я думаю: “Мы пераможам!” Потым “Не, нас усіх расстраляюць!” Потым зноў: “Мы абавязкова пераможам!”. Потым: “Не, нас усё-ткі расстраляюць!” Канешне ж, вінаватай ні ў чым я сябе не лічу. Думаю, што ўсім зараз страшна, і мне таксама страшна. І пакуль я да канца не разумею, што мацней: або мне страшна, або я ўсё-ткі за справядлівасць, за чалавечнасць!

Аллу Спірыдонаву, як і іншых дзяўчат, затрыманых падчас мірных пратэстаў, судзіць суддзя Ілля Белавус. Працэс над ёй, як і над 5-цю іншымі ўдзельніцамі жаночай акцыі салідарнасці, перанесены на 25-га жніўня.

Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск