Супрацоўнікі „Белтэлерадыёкампаніі” выйшлі на пікет пратэсту
У Менску на праспекце Незалежнасці каля вуліцы Макаёнка супрацоўнікі „Белтэлерадыёкампаніі”, якія ўдзельнічаюць у страйку, выйшлі на пікет пратэсту. Некалькі дзясяткаў чалавек трымаюць плакаты з патрабаваннямі свабоды слова і праўды.
Адзін з пратэстуючых, сістэмны адміністратар „Белтэлерадыёкампаніі” Андрэй Куцепаў сказаў, што выйшаў падтрымаць народ і выказаць сваё адмоўнае меркаванне наконт усёй несправядлівасці, якая адбываецца зараз у нашай краіне:
– Зараз усё перакрыта, усе праходы да «Белтэлерадыёкампаніі» на Макаёнка з двух бакоў ачэплена. Ёсць невялікі праход з боку Парніковай, але там таксама стаяць супрацоўнікі міліцыі, якія правяраюць пропускі. Калі ў каго няма пропуску, іх адразу разварочваюць. А тых, у каго ёсць пропускі, правяраюць, ці ёсць яны ў чорным спісе ці няма. Таму сюды я прайшоў больш бяспечным шляхам, абыходзячы ўсё гэтае ачапленне для таго, каб разам з калегамі стаць і баставаць, тое, што нам забараняюць рабіць. Хоць гэта наша законнае права.
Па словах Андрэя Куцепава, погляды пратэстуючых падтрымлівае большасць калектыву, – каму не хочацца саўдзельнічаць у стварэнні хлусні, якую агідна глядзець і слухаць, але не ўсе яшчэ гатовыя ў адкрытую выйсці і падтрымаць страйк.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: svaboda.org