На гарадзенскіх грамадска-палітычных актывістаў пайшлі ціск і пагрозы расправы
На гарадзенскіх грамадска-палітычных актывістаў пайшлі ціск і пагрозы расправы. Сяргей Верамеенка на сваё старонцы паведаміў наступнае: „З тэлефоннага нумару +375295890901 тэлефанавала „инспектор отдела охраны Гаврицкая Елена Александровна” ды паведаміла, што „в отношении вас составлен административный протокол, и Вам необходимо к нам явиться”. З’яўляцца да „іх” адмовіўся, бо ня ведаю хто такія „яны”. Па тэлефоне ня бачу ані пасьведчаньня, ані пагонаў. Патрабаваў, каб выклікалі позвай.
Сяргей Верамеенка і Ежы Грыгенча
А пра пагрозы расправы над Ежы Грыгенчам паведаміла „Гарадзенская вясна”:
20 жніўня Грыгенча знаходзіўся ў гарвыканкаме, куды прынёс заяўку на правядзенне масавага мерапрыемства. Прыкладна ў 11.50 ён выйшаў з будынку і накіраваўся на вуліцу Кірава. На скрыжаванні вуліц Ажэшкі і Сацыялістычнай да яго на малой скорасці пад’ехаў аўтамабіль „Джылі-атлас” серабрыстага колеру з дзяржашным нумарам 5787 КХ-4, у якім знаходзілася не менш двух чалавек. Людзі, якія былі ў гэтай машыне, сталі выкрыкваць яму пагрозы: „Фашыст! заўтра сустрэнемся! Мы з табой разбярэмся!”.
Пасля гэтага Грыгенча быў па адрасе Кірава-3 у двары. Праз 5 хвілін у двор заехаў той жа аўтамабіль з чырвона-зялёным сцягам, у якім былі тыя ж людзі. Яны сталі працягваць пагрозы. На думку Грыгенчы, за рулём машыны сядзеў камандзір АМАПу УУС Гарадзенскага аблвынканкаму, Грыгенча кажа, што ён раней сустракаўся з гэтым чалавекам на футболе. У машыне сядзеў яшчэ адзін чалавек з барадой. Сведкі знялі гэтых людзей і аўтамабіль на відэа.
Грыгенча заяўляе, што гэты ж аўтамабіль пераследаваў яго і ўчора, тады таксама пагражалі расправай. У такой сітуацыі Ежы Грыгенча лічыць, што на яго аказваюць псіхалагічны ціск і пагражаюць фізічнай расправай. Актывіст напісаў заяву на імя генерала-маёра Вадзіма Сіняўскага, начальніка УУС Гарадзенскага аблвыканкаму. Ён патрабуе ад міліцэйскага начальства правесці службовую праверку і пакараць вінаватых у незаконных дзеяннях крымінальнага характару.
Беларускае Радыё Рацыя