Святлана Танана: Гэта самае страшнае, калі ты не ведаеш, дзе тваё дзіця
Уладзімір Макей выказаўся пра тое, што за слёзы свайго 11-гадовага сына гатовы перагрызці горла. Гэта прытым, што з яго сына ніхто не здзекаваўся і не біў яго. А вось Святлане Танане з Паставаў прыйшлося сутыкнуцца з тым, што яе дачку схапілі АМАПаўцы, адвезлі яе на Акрэсціна, дзе потым над ёй здзекаваліся так, як і над астатнімі затрыманымі.
А трапіла дачка Святланы туды таму, што яна стала выпадковым сведкам, як 8 сілавікоў душылі маладога хлопца ля стэлы ў Менску, і пачала здымаць гвалт на тэлефон.
Як кажа Святлана Танана, яна перажыла вельмі страшныя моманты ў сваім жыцці, больш за ўсё страшней было ёй тады, калі яна шукала месцазнаходжанне сваёй дачкі:
– Гэта самае страшнае, калі ты не ведаеш, дзе тваё дзіця, але ты разумееш, дзе яно. І ты разумееш, што яно НЕ ў бяспецы, што людзі, якія яго забралі, могуць з ім рабіць усё, што заўгодна. І гэта было…
І калі я тэлефанавала ў міліцыю і прасіла «Дапамажыце, дайце інфармацыю!», на чацвёртыя суткі мне сказалі: «Так, яна ў нас, але дзе, мы вам не скажам, пакутуйце далей. Мы вам не скажам, дзе ваша дзіця». Гэта страшней за ўсё на свеце!
Святлана Танана пра тое, што яе дачка знаходзіцца на Акрэсціна, даведалася менавіта толькі на чацвёртыя суткі. Але не ўсе яшчэ ведаюць, дзе іх родныя.
Таму салідарнасць і падтрымка ў такой сітуацыі вельмі важная, – кажа жанчына.
Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным файле:
Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя