На першым блоку БелАЭС праводзяцца выпрабаванні



На першым энергаблоку Беларускай АЭС праводзяцца выпрабаванні, якія папярэднічаюць энергетычнаму пуску атамнай станцыі, паведамляе прэс-служба Міністэрства энергетыкі.

Адзначаецца, што 19 жніўня станцыю наведаў міністр Віктар Каранкевіч. Ён азнаёміўся з ходам работ на першым энергаблоку, дзе, як паведамляе прэс-служба энергетычнага ведамства, „пасля загрузкі ў рэактар ядзернага паліва вядуцца неабходныя выпрабаванні для пераходу да аднаго з ключавых этапаў праекта — энергетычнага пуску”.

Акрамя таго, з 17 па 19 жніўня эксперты маскоўскага цэнтра Сусветнай асацыяцыі арганізацый, якія эксплуатуюць атамныя электрастанцыі (САА АЭС), правялі перадпускавую партнёрскую праверку першага энергаблока БелАЭС.

„Праверка праводзілася па найбольш важных напрамках вытворчай дзейнасці эксплуатуючай арганізацыі для ацэнкі гатоўнасці абсталявання і сістэм энергаблока да бяспечнага і надзейнага пуску і далейшай эксплуатацыі, — паведамляе Мінэнерга. — Падчас візіту на пляцоўку Беларускай АЭС на падставе назіранняў, гутарак і разгляду карэктавальных дзеянняў эксперты не выявілі нейкіх недахопаў, якія маглі б стаць перашкодай для бяспечнага пуску першага энергаблока”.

„Спецыялістамі САА АЭС адзначаны значны прагрэс у арганізацыі дзейнасці Беларускай АЭС па забеспячэнні і кантролі належнага стану абсталявання і сістэм, важных для бяспекі, а таксама паляпшэнне па ўсіх правераных напрамках вытворчай дзейнасці”, — адзначылі ў міністэрстве.

Адміністрацыя БелАЭС з’яўляецца членам маскоўскага цэнтра САА АЭС з 22 красавіка 2015 года.

Беларуская АЭС будуецца блізу Астраўца (Гродзенская вобласць) за кошт крэдыту Расіі паводле тыпавога расійскага праекта ВВЭР-1200.

7 жніўня Мінэнерга паведаміла аб загрузцы ў 11.45 першай са 163 цеплавыдзяляльных зборак са свежым ядзерным палівам у актыўную зону рэактара першага блока. З гэтага пачаўся фізічны пуск атамнай станцыі.

Энергетычны пуск першага энергаблока БелАЭС з уключэннем яго ў энергасістэму краіны запланаваны на чацвёрты квартал 2020 года. Віктар Каранкевіч, як паведамляе прэс-служба міністэрства, заявіў, што першыя кілават-гадзіны на БелАЭС плануецца вырабіць і выдаць у сетку восенню гэтага года.

Паводле прагнозу Мінэнерга, пасля выхаду на поўную магутнасць станцыя будзе выпрацоўваць больш за 19 млрд кВт·гадз электраэнергіі штогод. Другі энергаблок станцыі плануецца запусціць у наступным годзе.

belapan.by

Фота: tut.by