Таямніцы



Што найперш узгадваецца, калі чуеш гэта слова? Егіпецкія піраміды, малюнкі з пустыні Наска, лётаючыя талеркі?

Між тым таямніцы, ніколькі не менш загадкавыя, знаходзяцца зусім побач, у штодзённым жыцці. Ды такія, што людзі стагоддзямі б’юцца над іх разгадкай, але дарэмна…

Вось нядаўна я пераглядаў старыя сямейныя здымкі. Пяцігадовы хлопчык з белай, як смятана, галоўкай і прыжмуранымі ад сонца вачыма; лапавухі першакласнік у смешных штоніках з манжэтамі ўнізе; студэнт з даўгімі па тагачаснай модзе кудламі; ягамосць з маршчынамі каля вачэй і сівеючай галавой… – і гэта ўсё я?

Навука нібыта даказала, што кожныя сем гадоў цела чалавека абнаўляецца поўнасцю, да

апошняй клетачкі. То што ж гэта за такая таямнічая субстанцыя, якая застаецца нязменнай, і дазваляе асобе заставацца сабою, нягледзячы на цялесныя метамарфозы? Свядомасць, душа – вялікія словы, а што яны канкрэтна азначаюць? Дзе тая душа месціцца? Вечная яна ці смяротная?

Як жа многа паняццяў, з якімі мы сутыкаемся штодзённа, думаем пра іх, так і не разумеючы іхняй сутнасці.

Колькі, напрыклад, здаралася і здараецца ў жыцці такіх гісторый: разлучаць злыя людзі або жорсткі лёс хлапца з дзяўчынаю, – і гасне, чэзне чалавек на вачах, хоць нібыта й ніякая хвароба яго не мучыць. „Хлопча, – кажуць яму, – азірніся наўкола, колькі ёсць іншых харошых дзяўчат, не бяры ў галаву нічога!” А яму свет нямілы, і нікога не хоча бачыць.

Каханне, скажаце, а што ж гэта за сіла такая, што мацней усяго, – розуму, развагі, логікі?

Адкуль яно бярэцца, і куды часам знікае, – неспадзявана? І нельга яго ні выпрасіць, ні вымаліць, ні заслужыць… Ты будзеш атрымліваць граматы за паспяховую вучобу і прыкладныя паводзіны, а твая каханая абдымаецца з двоечнікам з паралельнага класа, што лузгае семкі і мацюкаецца як конюх…

Наш сусед, былы лётчык, месяцамі гібеў у сваім гаражы ў яме, рамантуючы чужыя аўтамабілі, каб сабраць грошай на вяселле адзінай дачкі. І сабраў – цэлых пяцьдзесят тысяч літаў каштавала слаўная ўрачыстасць. Усе цешыліся шчасцю маладых, прыгожых і шчаслівых.

А праз год яны ціха і без шуму рассталіся. А яшчэ праз год яна выйшла замуж за іншага – не надта маладога, не надта прыгожага, маўклівага. І з ім разлучацца не збіраюцца ніколі.

Хто гэта растлумачыць?

Іван Сяргеевіч Тургенеў, славуты пісьменнік, творамі якога зачытваліся не толькі на радзіме, а і ва ўсёй Еўропе; больш таго, ён аказаў уплыў нават на амерыканскую літаратуру… І вось гэты вядомы і далёка не бедны чалавек усё жыццё пражыў пры чужой сям’і, бо кахаў чужую жонку, – не надта прыгожую, не надта маладую спявачку Паліну Віярдо. Чаму ж такі чалавек не толькі не мог, але нават і не спрабаваў знайсці кагось іншага?

Мы кажам – „таленавіты”. А што такое гэты талент, хто ім узнагароджвае, і за якія заслугі?  Чаму для аднаго ён робіцца дарам, а для іншага – праклёнам? Рубенсу талент прынёс славу і багацце, узняў яго на роўні з каралямі, а Ван Гогу ягоны дар стаўся невыносным крыжам і давёў да самагубства…

Просты ляснічы Міхал Міцкевіч меў цэлую крушню дзяцей – але толькі адзін з іх стаўся Якубам Коласам!

А выхоўвалі ж усіх аднолькава…

Наш свет перапоўнены, насычаны таямніцамі. Падымеш руды бліскучы маленькі жолуд – як паверыць, што магутны дуб у тры абхваты, пад якім ты яго падабраў, вырас з такога ж самага?..

Цікава жыць на гэтым свеце, сябры!

Беларускае Радыё РАЦЫЯ