Дзіўны мікс у беларускім стылі
14 лютага, 23 лютага, 8 сакавіка… Гэтыя даты ідуць адна за адной, і кожную падзею беларусы прызвычаіліся… адзначаць. Праўда, нашы бацькі ў сваім савецкім юнацтве не ведалі, што Дзень закаханых варта святкаваць менавіта 14 лютага!
І ўсё ж каханне – справа аб’ядноўваючая, а вось абарона Айчыны менавіта 23 лютага выклікае супярэчлівыя пачуцці. Свята ці не? Наўрад ці стварэнне 23 лютага 1944 г. Беларускай Краёвай Абароны па загадзе генеральнага камісара Беларусі Курта фон Готберга можна лічыць беларускім святам. Барацьба супраць бальшавізму ў кампаніі з фашыстамі неяк не натхняе, спадарства! Тут пачынаеш думаць, што лепш ужо адседзецца на нейкім хутары між балот, чымсьці змагацца ў зусім не паважнай кампаніі за нацыянальныя інтарэсы Радзімы. Зрэшты, жыццё – складаная рэч… Патрэбны хутар не заўжды (і не для ўсіх) знаходзіцца. 8 верасня і піяр бітвы пад Оршай вырашылі б усе супярэчнасці… Не склалася. Маем, што маем.
І ладная частка беларускіх жанчын цудоўна разумее, што “долг платежём красен”. Маўляў, хочаш быць павіншаванай – віншуй сама (і першая). Паколькі беларускія мужчыны не адваявалі нам права на іншую афіцыйна прызнаную дату… Далей вы ўсё цудоўна разумееце – словы не патрэбны…
І ўсё ж, і ўсё ж… Найбольш арыгінальна ў дадзенай няпростай сітуацыі вырашылі адзначыць Міжнародны жаночы дзень ў Нясвіжскім замку. Тут прапанавалі павіншаваць беларускіх жанчын “са светлым святам 8 Сакавіка” ад імя Радзівілаў. Музей запрашае наведаць музычна-тэатральныя прадстаўленні, што адбудуцца 7-8 сакавіка. Цудоўна. Эпоха Марыі дэ Кастэлан Радзівіл, Клары Цэткін і Розы Люксембург у адным келіху шампанскага. Маем дзіўны мікс у беларускім стылі. Пакуль не вядомая рэакцыя спадкаемцаў знакамітага роду, але ўсе іх памерлыя прадстаўнікі могуць не раз у труне перавярнуцца ад такога бальшавіцкага нахабства адміністрацыі замка.
Безумоўна, установы культуры павінны грошы зарабляць, але ж нейкага стылю яны могуць прытрымлівацца? Нясвіжскі замак – гэта вам не Дом культуры раённага ўзроўню.