Мікола Верамеенка: Спрабавалі скрасці бел-чырвона-белы сцяг
Адзін з удзельнікаў масавых акцый у Гародні таксіст Мікола Верамеенка патрапіў у дзіўную сітуацыю, калі нейкі незнаёмы п’яны мужчына спрабаваў скрасці бел-чырвона-белы сцяг з яго машыны і справакаваць на бойку Міколу.
Распавядае пра сітуацыю сам Мікола Верамеенка:
– Ён падыйшоў, пакуль мяне ў машыне не было, вырваў сцяг, вудачку зламаў. Кінуў яго на зямлю і пачаў таптаць нагамі. Я падыйшоў і кажу: што ты, дурань, робіш?! А ён кінуўся на мяне з кулакамі. Зразумела, выклікалі міліцыю. Я ўхіляўся, адпіхваў яго рукамі. Усё здымалі на відэа, было шмат сведкаў. У выніку яго забралі ў міліцыю і склалі на яго тры пратаколы.
Пасля затрымання невядомага былі тэлефанаванні з боку міліцыянтаў і самога нападніка. Кажа Мікола Верамеенка:
– Мне патэлефанаваў чалавек, які на мяне нападаў. Ён сказаў, што я яму быццам нос зламаў. Я адказаў, няхай піша сустрэчную заяву, усё па законе Рэспублікі Беларусь. Здымай пабоі, прыводзь сведкаў, паказвай відэа. І тады будзем разбірацца, біў я цябе ці не. Бо ў мяне ёсць сведкі, якія бачылі, што я яго не біў, і ёсць відэазапісы.
Па словах Міколы Верамеенкі, гэта даволі дзіўны выпадак, аднак сярод сведкаў, якія дапамагалі затрымліваць нападніка, былі людзі і з чырвона-зялёнай сімволікай, і ён не прад’яўляў ім ніякай агрэсіі з-за колеру сцяга і поглядаў .
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня