Ад імя Ціханоўскай у Вярхоўны суд падалі скаргу аб непрызнанні прэзідэнцкіх выбараў



Давераныя асобы кандыдата ў прэзідэнты Святланы Ціханоўскай Вольга Кавалькова і адвакат Максім Знак падалі ў Вярхоўны суд скаргу з патрабаваннем прызнаць выбары, якія прайшлі 9 жніўня, несапраўднымі.

Пра гэта паведаміла ў нашым эфіры Вольга Кавалькова:

– Скарга пададзеная сёння ад імя Святланы Ціханоўскай у вярхоўны суд. І патрабаванне гэтай скаргі адмяніць рашэнне Цэнтральнай выбарчай камісіі аб незадавальненні нашай скаргі і прызнаць выбары, якія адбыліся 9 жніўня, несапраўднымі. Разам са скаргай мы таксама падалі вялікую колькасць сабраных калектыўных подпісаў людзей, якія галасавалі за Святлану Ціханоўскую, і таксама шмат іншых розных скаргаў і сведчанняў парушэнняў падчас выбарчага працэсу.

У дадатак да скаргі перададзена 25 «важкіх папак з доказамі парушэнняў падчас выбарчай кампаніі», паведаміў штаб былога прэтэндэнта на прэзідэнцкую пасаду Віктара Бабарыкі. Каманда экс-банкіра пасля адмовы ЦВК зарэгістраваць яго кандыдатам у прэзідэнты аб’яднала намаганні са штабам Ціханоўскай.

Доказы парушэнняў збіралі назіральнікі перад выбарамі і звычайныя грамадзяне. «Менавіта ваш актыўны ўдзел – збор подпісаў на ўчастках, адпраўка пратаколаў і сканаў у абход інтэрнэту, які не працаваў, – дазволілі сабраць абсалютна неабвержныя доказы», – заявіў штаб Бабарыкі.

Асноўнае парушэнне – фальсіфікацыя выніковых пратаколаў галасавання.

Вярхоўны суд павінен даць адказ на працягу пяці дзён.

Раней ЦВК адмовіла ў задавальненні скаргі Ціханоўскай з патрабаваннем прызнаць выбары несапраўднымі.

Паводле афіцыйных звестак, Ціханоўская набрала ўсяго 10% галасоў выбарцаў, тады як Аляксандр Лукашэнка – 80%.

20 жніўня скаргу ў Вярхоўны суд падала кандыдат у прэзідэнты Ганна Канапацкая.

Беларускае Радыё Рацыя