У праваслаўных пачаўся Вялікі пост



Ён працягнецца сем тыдняў і скончыцца на Вялікдзень. У гэтыя дні алей можна ўжываць у ежу толькі па суботах і нядзелях, рыбу – толькі ў святы. А ад тлушчу і мяса адмаўляюцца яшчэ ў масленічны тыдзень. Маршалак краязнаўчай арганізацыі “Талака” Марыся Тульжанкова кажа, што падчас посту абмежаванні тычацца не толькі ежы.

– Перыяд вяселляў скончыўся, і зараз пачнецца пост. Пасля яго дзяўчаты і хлопцы могуць прыглядацца адзін да аднаго, шукаць сабе пару, каб хутка пабрацца шлюбам. Бо цягам года тэрмін, калі людзі могуць адпачыць, павесяліцца, зладзіць вяселле, вельмі кароткі. Большую частку года займае праца ў полі, дома. І таму гэта такі важны момант, які апяваецца ў веснавых песнях.   

Святары нагадваюць, што падчас Вялікага посту галоўным з’яўляецца духоўнае ачышчэнне. Вялікі пост – гэта духоўная падрыхтоўка да свята Уваскрасення Гасподняга. Сёлета праваслаўныя вернікі Вялікдзень адзначаюць 12 красавіка. А ўстрыманне ад ежы – гэта толькі частка посту.

Беларускае Радыё Рацыя, Гомель

Фота comandir.com