Футбалісты „Севільі” шосты раз сталі пераможцамі Лігі Еўропы
Футбалісты іспанскай „Севільі” перамаглі ў фінале міланскі „Інтэр” з лікам 3:2 і шосты раз сталі пераможцамі Лігі Еўропы. У вырашальным паядынку другога па рангу кантынентальнага клубнага турніру ў нямецкім Кёльне іспанскі клуб спачатку саступаў, але затым не толькі выраўнаваў становішча, але і ў другім тайме вырваў перамогу – 3:2.
Ужо на 5-й хвіліне лік адкрыў нападнік «Інтэра» Рамэлу Лукаку, які паспяхова рэалізаваў пенальці. Праз 7 хвілін мяч у адказ забіў форвард «Севільи» Люк дэ Ёнг. На 33-й хвіліне ён аформіў дубль і вывеў іспанскі клуб наперад. Праз 2 хвіліны лік зраўняў абаронца міланцаў Дыега Гадзін. На 74-й хвіліне абаронца «Севільі» Дыега Карлас забіў гол і ўсталяваў канчатковы лік сустрэчы.
Фінальны паядынак галоўнага турніру Старога Свету – Лігі чэмпіёнаў – заўтра ў Лісабоне згуляюць нямецкая „Баварыя” і французскі „Пары Сэн-Жэрмен”.
Берасцейскае „Дынама” сенсацыйна саступіла „Белшыне”
На чэмпіянаце Беларусі па футболе сярод каманд вышэйшай лігі прайшлі стартавыя матчы 22-га тура. Дзеючыя чэмпіёны краіны берасцейскія дынамаўцы нечакана саступілі аднаму з аўтсайдараў турніру бабруйскай „Белшыне” з лікам 1:2. Раней лідар першынства салігорскі „Шахцёр” на полі менскага стадыёна „Трактар” прайграў „Іслачы” – 2:4. Футбалісты „Слуцка” на хатняй арэне саступілі менскаму „Дынама” – 1:2.
Яшчэ дзве гульні пройдуць сёння: менскі „Энергетык-БДУ” прыме ў Маладэчне „Смалявічы”, а супернікам „Гарадзеі” на яе полі будзе берасцейскі „Рух”.
Валейбалісты „Будаўніка” і „Шахцёра” даведаліся супернікаў у кваліфікацыі Лігі чэмпіёнаў
Валейбалісты менскага „Будаўніка” і салігорскага „Шахцёра” даведаліся сваіх супернікаў у кваліфікацыйным раундзе Лігі чэмпіёнаў сярод мужчынскіх каманд. Урачыстая цырымонія лёсавання галоўнага еўракубкавага турніру адбылася ў штаб-кватэры Еўрапейскай канфедэрацыі валейбола ў Люксембургу. Менчукі трапілі ў падгрупу С, дзе згуляюць з камандамі „Драйсма Дынама” (Нідэрланды) і польскі „Ястшэмбскі Венгель”. Салігорскія валейбалісты выступяць у групе Е. Іх супернікамі стануць каманды „Ліндарэн Вол” (Швейцарыя) і „Грынярд” (Бельгія). Усяго на першай стадыі кваліфікацыі Лігі чэмпіёнаў у мужчын выступяць 18 каманд, падзеленыя на шэсць падгруп па тры клубы ў кожнай.
Дзеючы ўладальнік Кубка Стэнлі вылецеў з плэй-оф НХЛ
На арэне «Роджэрс Плэйс» у Эдмантане прайшоў шосты матч чвэрцьфіналу плэй-оф Нацыянальнай хакейнай лігі паміж «Ванкувер Кэнакс» і «Сэнт-Луіс Блюз». Сустрэча завяршылася разгромнай перамогай «Ванкувера» з лікам 6:2. Такім чынам, канадская каманда выйграла серыю з лікам 4:2 і выбіла дзеючага ўладальніка Кубка Стэнлі з розыгрышу турніру.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота: Getty Images