Лукашэнка і яго структуры працягваюць абмежаванне інтэрнэт-рэсурсаў



У Беларусі абмежавалі доступ да онлайн-платформ «Голас» і Zubr.in. Аднак спіс рэсурсаў, якія трапілі ў чорны спіс 21 жніўня, значна даўжэйшы. Tut.by падаў поўны спіс рэсурсаў абмежаванага доступу «на падставе рашэння Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь».

Спіс з такімі рэсурсамі недаступны для прагляду звычайным карыстальнікам, але даступны для інтэрнэт-правайдэраў.

З доступам да некаторых рэсурсаў і раней назіраліся праблемы.

У спіс рэсурсаў, да якіх абмежавалі доступ, трапілі у прыватнасці сайты Радыё Свабода, Еўрарадыё ды Белсата, https://babariko.vision, Віртуальны Брэст, https://statkevich.org, сайт праваабарончага цэнтру Вясна, а таксама рэгіянальыя вясноўскія сайты Магілёву, Віцебска і нават спартовы сайт by.tribuna.com. Усяго пад бан дзяржаўнымі структурамі адпраўленыя ажно 73 інтэрнэт-сайты.

Абмежаваны таксама доступ да шэрагу папулярных проксі-сэрвісаў – у тым ліку праз іх падчас адсутнасці доступу да Сеткі 9-11 жніўня некаторыя карыстальнікі ажыццяўлялі доступ да папулярных мэсэнджэраў.