Алег Кабзар выступіў з канцэртам ў пабе “Бэстрада” у Беластоку



Беларускія канцэрты ў “Бэстрадзе” ладзяцца пастаянна, але апошнія арганізаваныя дзеля падтрымкі беларусаў. Тое, што перажывае зараз Беларусь, нагадвае палякам падзеі іх уласнага гістарычнага мінулага. Кажа арганізатар канцэрту прадстаўнік “Бэстрады” Марыюш Ожэлэк:

– Такія часы і ў нас калісьці былі. Таму мы падтрымліваем  беларусаў, каб яны змагаліся за праўду, за волю. Наша супраца – гэта канцэрты, якія будуць і надалей.

Бард Алег Кабзар выступіў з песнямі, большасць якіх не выконвалася ніколі. Тэксты гэтыя пісаліся на працягу многіх гадоў, але ўрэшце музыка вырашыў вынесці іх на суд публікі. Беларусы цяпер іншыя і гатовыя прыняць тое, што ён даўно хацеў бы праспяваць, – кажа Алег Кабзар:

– Я гляджу, што там робіцца, кожны дзень. Першыя дні амаль не спаў, сачыў за тым, што там адбываецца. І з кожнай гадзінай верыў у тое, што можа ўдасца. Бо нараджаецца новы народ. Вельмі ганаруся, што я – беларус. За многія гады так адчуў сябе толькі цепер, за тыя дзесяць дзён, якія могуць перавярнуць наш сусвет беларускі.

На гэтым тыдні ў знак салідарнасці з беларускім народам ў пабе “Бэстрада” з канцэртамі  выступілі Алег Сіўко і Алег Кабзар.

Ганна Комінч, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток