Казкі жыцця



Жыццё беларускае апошнім часам нагадвае казку… Страшную казку братоў Грым, што яшчэ раз пацвярджае нашы шчыльныя сувязі са старой добрай Еўропай!

“Беласнежка і сем гномаў”. Там ёсць прыгожая, але старая ўжо каралева, якая хацела заўжды заставацца прыгожай, маладой і – галоўнае! – хацела штодзень атрымліваць пацверджанне сваёй прыгажосці і непаўторнасці ад свайго ж люстэрка. Усе мы дарослыя і ведаем фінал гісторыі. У працэсе расповеду не стамляешся здзіўляцца наіўнасці і неасцярожнасці маладой суперніцы – Беласнежкі, але чамусьці ніхто не думае, што ў яе злыбедах вінавата яна сама і сем гномаў. Беласнежка сціпла жыла ў сваім спадчынным палацы, працуючы прыбіральшчыцай. Не напрошвалася на кампліменты і не хацела ўдзельнічаць у конкурсах прыгажосці. Гэта старая каралева пастаянна патрабавала доказаў прыгажосці. Такі сабе наркотык – чуць пра сябе адно кампліменты! На яго лёгка падсесці і цяжка саскочыць. Зірніце на любую былую прыгажуню, няўдала накачаную ботаксам. Што тут зробіш? Цяжка змірыцца з бегам часу… Усім няпроста!

Некаторыя беларусы жорстка крытыкуюць удзел у выбарах, вулічных пратэстах і – нечаканая выснова! – няпростай паслявыбарчай сітуацыі. Маўляў, толькі байкот. Патрэбен быў толькі байкот… Хто яго ведае, што патрэбна бедным беларусам! Найлепей было б насамрэч адседзецца дома, пачынаючы ад самай ранняй вясны, з сакавіка месяца. Навошта было ладзіць выбары? Бо кавід, шаноўныя. Процьму грошай ашчадзілі б! І сіл, і здароўя… Але ж ці беларусы самі рваліся на гэта “свята” жыця? Ці яны хацелі ўдзельнічаць у своеасаблівым конкурсе прыгажосці? Зусім не. То не рвіце сэрца. Беражыце нервы і не крытыкуйце адно аднаго!

“Сказка – ложь, да в ней намёк…” Усім нам. І суседзям. Чытанне класічных твораў сусветнай літаратуры спрыяе добраму здароўю, аптымістычнаму настрою, правільнаму страваванню і дапамагае размінуцца з Альцгеймерам. Суцэльныя плюсы. Будзьце спакойныя і рабіце тое, што можаце.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ