У Расеі затрымалі беларускага следчага, які падаў у адстаўку



У Пскове затрымалі беларуса Андрэя Астаповіча, які некалькі дзён таму змясціў на сваёй старонцы ў Instagram фатаграфіі рапарта на звальненне з пасады старшага следчага Партызанскага раённага аддзела Следчага Камітэта ў Менску. Пра гэта TUT.BY распавялі сябры Андрэя і адвакат, якога яны нанялі. Як паведамляецца, мужчына спрабаваў з’ехаць праз Расею ў Латвію, але з-за абмежаванняў на выезд з-за каронавіруса не змог гэта зрабіць. А пазней быў затрыманы, і цяпер знаходзіцца ў адным з аддзелаў міліцыі Пскова. Адвакат не можа да яго патрапіць. Гэта гісторыя пачалася з таго, што Андрэй Астаповіч некалькі дзён таму змясціў на сваёй старонцы допіс з фатаграфіяй рапарта на звальненне. На фота паказана, што мужчына ініцыюе датэрміновае скасаванне кантракту з 16 жніўня з-за «парушэнняў яго ўмоў з боку кіраўніцтва Следчага камітэта». Тэкст заявы атрымаўся на 5 лістоў. Андрэй Астаповіч у  прыватнасці, напісаў: „У многіх з нас былі незаконна затрыманыя знаёмыя, выкладчыкі, сябры, сваякі, якія распавядаюць ўсю праўду пра тое, што адбываецца ў папраўчых установах, дзе адбываліся здзекі над грамадзянамі”. Андрэй Астаповіч піша, што сам асабіста прысутнічаў на мітынгах. На яго думку, правакацыі ладзілі акурат сілавікі.