Пенсіянерка з Глыбокага заклікае людзей апамятацца
Валянціна Протас просіць некаторых людзей узважыць, каго яны падтрымліваюць. Бо няма гарантыі, што заўтра не апынуцца пад дубінкамі АМАПу тыя, хто сёння падтрымлівае Лукашэнку, ці іх дзеці. І плакаць ужо тады будзе позна.
Як кажа Валянціна Протас, апошнія паслявыбарчыя падзеі ўскалыхнулі беларускае грамадства, у тым ліку і яе. Асабліва яе кранулі словы адной маладой жанчыны, выступ у падтрымку Лукашэнкі якой паказалі па дзяржаўным тэлебачанні. Там яна назвала пратэстоўцаў апазіцыі ашчэрам і сказала, што яны падтрымліваюць свайго лідара (Лукашэнку) таму, што ён змагаецца за мір, за краіну.
Кажа Валянціна Протас:
– Ён змагаецца. А з кім ён змагаецца? Ён жа змагаецца з беларускім народам, імем якога ён прыкрываўся. Бо ўсе чулі, калі дзесьці, штосьці: ах, гэта народ, я для народа. Дык а што ў выніку? Ён вывеў зверскі народ з дубінкамі, з гумовымі кулямі, са слёзатачывым газам. Супраць каго ён вывеў? Бо на вуліцы былі мірныя людзі. Яны ж хапалі падлеткаў, юнакоў і дзяўчат, жанчын і мужчын без разбору. Яны хапалі журналістаў, нават пенсіянераў.
Гэта нармальна? Дык за каго ён тады змагаецца?
Валянціна Протас напісала свой артыкул-адказ на пачутае па дзяржаўным тэлебачанні і панесла яго ў раённую газету «Веснік Глыбоччыны», каб яго надрукавалі. Але там ёй адказалі, што надрукуюць толькі пасля таго, як будзе дазвол ідэалагічнага аддзела Глыбоцкага райвыканкама. Тым самым яны прызналі, што ў іх існуе цэнзура.
Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя