У Менску пратэстуюць і спевакі, і паэты



У суботніх акцыях пратэсту на плошчы Незалежнасці ў Менску гучалі галасы не толькі актывістаў і палітыкаў, але і спевакоў, паэтаў.

Распавядае перакладчыца, паэтка Юлія Цімафеева:

– Кожны прыдумляе нейкія свае формы пратэсту. Пісьменнікі, паэткі, музыкі, спявачкі не мусяць быць у баку. Яны таксама мусяць далучацца да народу. І сваёй творчасцю таксама апрацоўваць гэтыя ідэі свабоды, якімі проста напоўненая цяперашняя Беларусь. І вось я таксама далучылася і прачытала некалькі сваіх вершаў. Мне падаецца, што ў нейкай ступені гэта вершы палітычныя, яны былі напісаныя раней за гэтыя выбары. На жаль, гэтае ўсё дагэтуль мае значэнне, і гэтыя сэнсы, якія я ўкладаю ў свае вершы, яны і дагэтуль нешта значаць.

Акцыя пратэсту ў гэтую суботу пад вечар на сталічнай плошчы Незалежнасці праходзіла ў двух сектарах. У адным з іх гучалі беларускія песні, паэзія, у другім – выступы рускамоўных пратэстоўцаў. Слухачы плаўна перацякалі ад аднога цэнтра да другога.

Максім Каўняровіч, Беларускае Радыё Рацыя, Менск