Марыя Калеснікава: Мы змагаемся з таталітарнай сістэмай
Марш Новай Беларусі. Тэлеграм-канал Нехта-лайв заклікае правесці сёння марш у Менску са стартам ад Плошчы Незалежнасці а 14-00. Цытата са звароту: «Мы не адступім, пакуль не будуць выкананыя 3 народныя патрабаванні: свабода ўсім затрыманым і палітзняволеным, суд над вінаватымі ў катаваннях і забойствах, сыход Лукашэнкі». Аналагічныя акцыі прапануецца правесці і ў іншых гарадох.
Сябра прэзідыуму Каардынацыйнай рады Марыя Калеснікава распавяла расейскай службе Радыё Свабода, чаго чакае ад акцыі 23 жніўня. Цытата: «Усё больш людзей перастаюць баяцца. Гэта наша самая важная перамога. Мы змагаемся са сваім страхам. Мы змагаемся з таталітарнай сістэмай. На гэта спатрэбіцца вельмі шмат часу, магчыма, выходзіць давядзецца дні, тыдні, а можа быць месяцы, але мы не спынімся і не перастанем гэтага рабіць». Калеснікава ўпэўненая, што людзі гатовыя да таго, каб працягваць пратэст такі доўгі час.
Беларускае Радыё Рацыя