У Гародні хочуць стварыць Раду народнага даверу



У Гарадзенскі гарадскі выканаўчы камітэт ды гарадзенскі савет дэпутатаў перадуць дакумент, у якім выкладзены прапановы па стварэнні ў горадзе Рады народнага даверу.

Сярод падпісантаў дакумента прадстаўнікі грамадскіх арганізацый і партый, прадстаўнікі стачкамаў гарадзенскіх прадпрыемстваў.

Кажа адна з прадстаўніц, дырэктарка гарадзенскага дзіцячага хоспіса Вольга Вялічка:

– Мы вельмі спадзяемся, што гарадскія ўлады пачуюць гэтыя патрабаванні, адказна паставяцца да стварэння такога савету з адной мэтай вярнуць давер паміж гарадзенцамі і адміністрацыяй горада. Таксама мы вельмі просім далучыцца да гэтага савету інтэлігенцыю нашага горада, каб гэтая праца была канструктыўнай і рознабаковай.

У склад працоўнай групы Рады народнага даверу накіраваныя прадстаўнікі працоўнага калектыву „ГроднаАзот”, прадстаўнікі „Гроднажылбуда”, „Гроднапрамбуда”, кіраўнік Партыі БНФ па Гарадзеншчыне Вадзім Саранчукоў, грамадскі актывіст Зміцер Бандарчук ды яшчэ некалькі прадстаўнікоў грамадскасці горада.

Беларускае Радыё Рацыя