Cяргей Верамеенка: Адбыўся вобшук і канфіскавалі сцягі



У гарадзенскай краме „Адметнасць” прадстаўнікі дэпартаменту фінансавых расследаванняў правялі вобшук па крымінальнай справе, сведкам па якой праходзіць Сяргей Верамеенка.

Кажа Сяргей:

– Адбыўся вобшук. Прыйшлі прадстаўнікі дэпартаменту фінансавых расследаваняў і сказалі, што ім даручана правесці ў нас вобшук у рамках крымінальнай справы, па каторай я праходжу сведкам. Крымінальная справа вядзецца па частцы першай артыкула 342 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь. На пачатку мне прадставіліся. Супрацоўнік спачатку не хацелі паказваць пастанову на вобшук. У выніку паказалі. Я вёў прамы стрым. Мы прыйшлі да рашэння… То бок, яны сказалі, што ўрывацца сюды не будуць, але тым не менш яны ўварваліся.

Падчас вобшуку былі канфіскаваны цэлы шэраг рэчаў з нацыянальнай сімволікай, кажа Сяргей Верамеенка.

– Вобшук праводзіўся адносна карэктна. З тым цынізмам, які вельмі яму ўласцівы. Канфіскавалі бел-чырвона-белыя сцягі вялікіх памераў. Канфіскавалі маленькія сцяжкі бел-чырвона-белыя. І канфіскавалі скураныя браслеты і бел-чырвона-белыя таксама. Хаця яны самі казалі: што мы будзем канфіскоўваць не ведаем, ці ёсць што забароненае? Кажу: няма нічога забароненага. Я ўвогуле не ведаю, што яны лічаць забароненым. Ці забароненыя нажнічкі, бо гэта можа быць халоднай зброяй, напрыклад. Бо забаронена можа быць усё што заўгодна.

На 26 жніўня Сяргей Верамеенка плануе ісці  па позве ў Следчы камітэт а 10-й раніцы.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота Сяргея Апановіча