Член прэзідыума Каардынацыйнай рады Вольга Кавалькова асуджаная на 10 сутак арышту
Член прэзідыума Каардынацыйнай рады па ўрэгуляванні палітычнага крызісу ў Беларусі, давераная асоба кандыдата ў прэзідэнты Святланы Ціханоўскай Вольга Кавалькова асуджаная на 10 сутак адміністрацыйнага арышту, паведамляе праваабарончы сайт spring96.org.
Справа разглядалася ў судзе Заводскага раёна Менска. Суддзя — Дзмітрый Астапенка.
Кавалькову затрымалі раніцай 24 жніўня каля прахадной Мінскага трактарнага завода, куды яна прыйшла падтрымаць рабочых разам з яшчэ адным членам прэзідыума КР, кіраўніком страйкама МТЗ Сяргеем Дылеўскім. Абодва былі затрыманыя міліцыяй за нібыта несанкцыянаванае масавае мерапрыемства (арт. 23.34 КоАП). Ноч да суда Кавалькова і Дылеўскі правялі ў сталічным цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў.
Акрамя абвінавачвання на падставе ч. 3 арт. 23.34 КоАП на Вольгу Кавалькову складзены пратакол і за непадпарадкаванне законным патрабаванням міліцыі (арт. 23.4 КаАП).
Сяргей Дылеўскі 25 жніўня таксама быў асуджаны на 10 сутак адміністрацыйнага арышту.
belapan.by