Свята Незалежнасці ў Менску
Перад прысутнымі на плошчы Незалежнасці ў Менску выступілі былыя дэпутаты Вярхоўнага савета Беларусі — так званыя „дэпутаты Незалежнасці”.
Мітынг на прыступках перад Чырвоным касцёлам адкрыў Пётр Садоўскі. „Сёння я тут, таму што гэтыя тры месяцы (не хачу аналізаваць, на якія сродкі, з якімі мэтамі) мы не проста хадзілі, тапталі асфальт і церліся, як кажа адзін чорны персанаж. <…> Нашы каштоўнасці бяруць пачатак ад Тураўскага, Полацкага княстваў, ВКЛ, БНР. 30 гадоў таму з’явіўся БНФ. Тое, што адбываецца сёння, усё гэта кантынуум беларускай гісторыі. Будуць спады, паразы, але, калі ёсць каштоўнасці ў галаве, песімізму не будзе. Мы ўжо старыя карчы, а вы — маладыя, разумныя, вы, як кажа Калеснікава, неверагодныя!” — сказаў Садоўскі.
Лявонцій Зданевіч, які выступіў наступным, заявіў, што сёння для яго вялікае свята. „Не таму, што проста 29-я гадавіна дэкларацыі аб суверэнітэце, а таму што я бачу вас, — сказаў ён. — Я бачу, што наша праца была недарэмнай, што эстафету барацьбы за незалежнасць ёсць каму прыняць. Вы вельмі прыгожыя, асабліва нашы дзяўчаты — я проста плакаў у нядзелю. У нашым руху, сімвалах ёсць велізарная эстэтыка, наш народ — прыгожы, мае права вырашаць свой лёс. І мы яго вырашым: гледзячы на вас, я ў гэтым упэўнены. Я веру ў перамогу дабра над злом, праўды над крыўдай. Я хачу дачакацца свята нашай свабоды, каб мы свой дом будавалі самі. Дзякуй вам, мы пераможам!”
Сяргей Папкоў распавёў пра падзеі 25 жніўня 1991 года. „Так здарылася, што пад націскам БНФ і людзей, якія ў той дзень таксама, як і вы, сабраліся на плошчы, камуністы самі сябе забаранілі. І ў гэты дзень нам удалося дамагчыся незалежнасці Беларусі. Жыве Беларусь! Ёсць логіка барацьбы — трэба дзейнічаць арганізавана, адпаведна сітуацыі. Таму арганізоўваемся, і тады мы пераможам. Нельга спусціць гэтаму чалавеку, які ўчапіўся за ўладу, адправіць прэч. Мы павінны быць свабоднай краінай. Наша краіна — у вашых моцных руках, не дайце знішчыць нашу краіну!” — заклікаў прысутных Папкоў.
Лявон Баршчэўскі ў сваю чаргу заявіў, што нікому „не ўдасца спаскудзіць нашы сімвалы”. „Кроў Хрыста — на нашых сімвалах. Беларускі народ падняў нашы сімвалы і змог перамагчы”, — сказаў ён. Затым Баршчэўскі праспяваў гімн „Магутны Божа”. Мітынгоўцы падпявалі яму і ў канцы скандавалі: „Жыве Беларусь!”
Пасля „дэпутатаў Незалежнасці” выступіў мужчына, які назваўся „простым трактарыстам з МТЗ”. Ён распавёў, што яго 34-гадовы сын — удзельнік мірных пратэстаў — знаходзіцца ў шпіталі, яму зрабілі ўжо трэцюю аперацыю, была пагроза ампутацыі. Адзначыўшы, што на плошчы стаяць у асноўным маладыя людзі, ён заклікаў бацькоў падтрымаць сваіх дзяцей.
Пасля выступленняў пачаўся імправізаваны канцэрт, які адкрыў Андрусь Такіданг.
***
Па стане на 18.30 на плошчы Незалежнасці ў Мінску сабралася каля 600 чалавек.
Устаноўлена апаратура, з якой гучаць папулярныя тэматычныя песні — „Турмы муры”, „Мы не народзец”, „Воіны святла”. Прысутныя актыўна падпяваюць, перыядычна скандуюць „Жыве Беларусь!”, „Верым, можам, пераможам!”.
На плошчы плануецца мітынг з нагоды гадавіны абвяшчэння незалежнасці Рэспублікі Беларусь (25 жніўня 1991 года). Чакаецца, што ўдзел у ім прымуць сведкі тых падзей. На плошчу прыйшлі грамадскі і палітычны дзеяч Лявон Баршчэўскі, першы пасол Беларусі ў Германіі Пётр Садоўскі.
Каля 18.40 з рупараў на даху Мінгарвыканкама прагучала папярэджанне аб тым, што акцыя незаконная. Грамадзян заклікалі разысціся, не правакаваць актыўныя дзеянні і не вымушаць ужываць фізічную сілу і спецсродкі. Прысутныя адрэагавалі свістам, крыкам, скандаваннем „Мы — большасць!”, „Гэта наш горад!”, „Кожны дзень!”.
Людзі не разыходзяцца, нягледзячы на папярэджанні і моцны дождж.
У раён плошчы Незалежнасці сцягнутая ваенная спецтэхніка, у тым ліку вадамёты.
***
На плошчы Незалежнасці пачынаюць збірацца людзі. Плануецца мітынг з нагоды гадавіны абвяшчэння незалежнасці Рэспублікі Беларусь (25 жніўня 1991 года). Чакаецца, што ўдзел у ім возьмуць сведкі тых падзей.
Каля 17.30 два супрацоўнікі міліцыі падышлі да групы з 15 грамадзян, якія стаялі каля прахадной Цэнтрвыбаркама, размешчанага ў Доме ўрада. Капітан міліцыі з Маскоўскага РУУС запатрабаваў ад дзяўчыны схаваць бел-чырвона-белы сцяг, які быў у яе на плячах. Грамадзяне распачалі з ім спрэчку — яны ў адказ патрабавалі назвацца і сказаць, на якой падставе дзяўчына павінна схаваць сцяг. Міліцыянер назваўся, але аргументаваць патрабаванне адносна сцяга не змог. Яго калега, маёр міліцыі, папрасіў грамадзян „проста не ладзіць мітынг” і дадаў, што нікога не затрымліваюць. Пасля гэтага міліцыянеры сышлі, але неўзабаве з’явіліся двое іншых. Адзін з іх стаў здымаць прысутных на камеру — людзі адышлі да Чырвонага касцёла.
Побач з плошчай Незалежнасці прыпаркаваныя вадамёты, аўтазакі і іншая тэхніка сілавікоў. Мноства аўтазакаў таксама прыпаркаваныя на тэрыторыі, прылеглай да стадыёна „Дынама”.