У Гародні затрымалі больш 20 „азотаўцаў” (абноўлена)
З надыходам цемры, міліцыя пачала паляванне на тых нешматлікіх, якія засталіся каля пастарунку. Некаторых людзей збівалі і схапілі. Работнікам „Гродна Азота” выпісваюць пратаколы за ўдзел у недазволеным масавым мерапрыемстве і адпускаюць па адным.
Каля 100 чалавек сабраліся каля Кастрычніцкага РАУС Гародні, каб падтрымаць затрыманых работнікаў „Гродна Азот”. Сярод іх каля 20 чалавек у рабочай форме „Азота”. Ужо вызвалілі 5 чалавек. Людзі скандуюць „Забастоўка!” і „Выпускай!”.
Рабочых ААТ „Азот”, якія накіроўваліся пасля змены пешшу ходнікам у цэнтр гораду, пасля шасці гадзін вечару затрымалі амапаўцы. Па розных звестках затрымалі ад 20 да 28 чалавек. Усіх іх завезлі ў Кастрычніцкі РАУС на вуліцы Гая. Там нібыта на затрыманых складаюць пратаколы за „несанкцыянаванае мерапрыемства”.
Тым часам гараджане збіраюцца на вуліцы Гая каля будынку РАУС і патрабуюць выпусціць незаконна затрыманых рабочых.
Беларускае Радыё Рацыя