Вікторыя Азаранка выйшла ў чвэрцьфінал тэніснага турніру ў Нью-Ёрку
Беларуская тэнісістка Вікторыя Азаранка, якая мае 59-ы нумар сусветнага рэйтынгу, выйшла ў чвэрцьфінал адзіночнага разраду буйнога турніру Western & Southern Open ў Нью-Ёрку з агульным прызавым фондам больш за 7 мільёнаў 100 тысяч даляраў.
У паядынку 1/8 фіналу беларуска сустракалася з францужанкай Алізэ Карнэ і перамагла ў двух сэтах – 6:4, 7:5. Сустрэча працягвалася роўна дзве гадзіны. Яшчэ адна беларуска 11-я ракетка планеты Арына Сабаленка ў 1/8 фіналу адзіночнага разраду прайграла ў трохсэтавым паядынку амерыканскай тэнісістцы Джэсіцы Пегуле – 2:6, 6:2, 3:6. У 1/16 фіналу парнага разраду Вікторыя Азаранка і прадстаўніца ЗША Сафія Кенін перамаглі латвійска-чэшскі дуэт Анастасія Севастава / Караліна Мухава – 6:2, 6:4.
Тры гульцы БАТЭ ўвайшлі ў зборную 22-га тура футбольнага чэмпіянату Беларусі
Тры прадстаўнікі барысаўскага БАТЭ ўключаны ў сімвалічную зборную 22-га тура футбольнага чэмпіянату Беларусі. Дасведчаны паўабаронца барысаўскага клуба Павел Няхайчык чацвёрты раз трапіў у лік лепшых гульцоў тура, а яго таварышы па камандзе – галкіпер Дзяніс Шчарбіцкі і абаронца Аляксандр Філіповіч – упершыню ўвайшлі ў зборную гульнявога дня. Акрамя барысаўчан у сімвалічную зборную 22-га тура ўключаны Мікалай Януш і Дзмітрый Юсаў (абодва – „Іслач”, Мінскі раён), менскія дынамаўцы Дамінік Дынга і Яўген Шыкаўка, Дзмітрый Рыжук ( „Менск”), Дзмітрый Рэкіш („Белшына”), Арцём Канцавы ( „Рух”, Берасце) і Душан Бакіч ( „Энергетык-БДУ”).
Дзмітрый Баскаў можа замяніць Генадзя Савілава на чале ФХБ
Генеральны дырэктар менскага „Дынама” Дзмітрый Баскаў у бліжэйшы час можа змяніць Генадзя Савілава на пасадзе кіраўніка Федэрацыі хакея Беларусі. З траўня 2017 года Баскаў займае пасаду намесніка старшыні ў гэтай структуры, а таксама з’яўляецца чальцом выканкама НАК.
ФІБА змяніла фармат кваліфікацыі Лігі чэмпіёнаў
У сувязі з пандэміяй каронавіруса Міжнародная федэрацыя баскетбола (ФІБА) прыняла рашэнне змяніць фармат кваліфікацыйнага этапу еўрапейскай Лігі чэмпіёнаў. Такім чынам, чэмпіёны Беларусі баскетбалісты „Цмокi-Мiнск” замест дзвюх сустрэч з балгарскім клубам „Балкан” згуляюць толькі адзін паядынак. Калі „цмокі” выйграюць, яны паспрачаюцца за пуцёўку ў групавы этап Лігі чэмпіёнаў з пераможцам матчу „Лондан Лайанс” (Вялікабрытанія) – „Нептунас” (Клайпеда, Літва). Кваліфікацыйныя гульні пройдуць з 22 па 25 верасня.
Месі прыняў рашэнне сысці з «Барселоны» пасля размовы з Куманам
Нападнік «Барселоны» Ліянэль Месі вырашыў пакінуць каманду пасля размовы з галоўным трэнерам клуба Рональдам Куманам, сцвярджае Football Espana са спасылкай на AS. Па дадзеных крыніцы, спецыяліст у тэлефоннай размове сказаў Месі: «Я не буду гнуткім, ты павінен думаць пра каманду». Словы Кумана нібыта так знервавалі Месі, што ён прыняў рашэнне сысці. Футбаліст вырашыў скарыстацца опцыяй у кантракце, якая дазваляе скасаваць дамову ў аднабаковым парадку ў канцы кожнага сезону. У мінулым сезоне 33-гадовы Месі прыняў удзел у 44 матчах ва ўсіх турнірах, у якіх стаў аўтарам 31 забітага мяча і 26 выніковых перадач. Кантракт гульца з клубам дзейнічае да лета 2021 года. У складзе «Барселоны» Месі чатыры разы станавіўся пераможцам Лігі чэмпіёнаў. Фанаты „Барсы” прыйшлі да офіса патрабавалі адстаўкі прэзідэнта … але пакуль не Беларусі, – такі загаловак адной са сваіх навінаў даў спартовы сайт «Прэсбол».
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота: sportskeeda.com