Курс беларускага рубля працягвае хутка зніжацца да долара і еўра
Таргі ў сераду, 26 жніўня, зноў пачаліся з росту курсаў замежных валют, сведчаць звесткі Беларускай валютна-фондавай біржы. На 10.38 курс долара з пачатку таргоў вырас на 1,72% да 2,6476 рубля, курс еўра — на 1,65% да 3,127 рубля, курс расейскага рубля — на 0,38% да 3,5071 беларускага рубля за 100 расейскіх.
У апошнія тыдні рост курсаў замежных валют у Беларусі набыў пастаянны характар. Пасля прэзідэнцкіх выбараў, якія адбыліся 9 жніўня, курсы долара і еўра выраслі ўжо на 8 і 7,7% адпаведна, расійскага рубля — на 5,6%.
Прадстаўнікі банкаўскага сектара і аналітыкі фінансавага рынку адназначна сцвярджаюць, што ў аснове росту курсаў замежных валют ляжаць ўнутраныя прычыны.
„Калі падае беларускі рубель да ўсіх замежных валют — гэта сведчыць аб тым, што расце ўнутраны попыт на замежную валюту”, — падкрэсліў фінансавы аналітык „Альпары Еўразія” Вадзім Іосуб у каментары БелаПАН.
Ён звярнуў увагу на тое, што ў першым паўгоддзі і насельніцтва, і прадпрыемствы выступалі чыстымі пакупнікамі замежных валют. „Улічваючы наяўнае зніжэнне курсу беларускага рубля да замежных валют, можна выказаць меркаванне, што і прадпрыемствы, і насельніцтва павялічылі попыт на замежную валюту. Рост дэвальвацыйных чаканняў, мабыць, прывёў да таго, што насельніцтва канверсуе рублёвую ліквіднасць (у тым ліку ўклады) у замежную валюту”, — мяркуе Іосуб.
Эксперт чакае, што ў кароткатэрміновай перспектыве павышаны націск на беларускі рубель будзе захоўвацца. „Да таго часу, пакуль будзе захоўвацца палітычная напружанасць у краіне і ў насельніцтва будзе што канверсаваць, такая сітуацыя на валютным рынку захаваецца”, — прагназуе эксперт.
На мінулым тыдні рэйтынгавае агенцтва Fitch адзначыла, што палітычны крызіс у Беларусі можа справакаваць рост дэвальвацыйных чаканняў. „Далейшае пагаршэнне палітычнай сітуацыі і даверу ўнутры краіны або працяглае парушэнне эканамічнай дзейнасці можа ўзмацніць дэвальвацыйны націск на беларускі рубель, негатыўна паўплываць на высокадаларызаваны фінансавы сектар і прывесці да скарачэння міжнародных рэзерваў”, — выказалі меркаванне аналітыкі Fitch, каментуючы палітычны крызіс у Беларусі.
25 жніўня Нацыянальны банк даручыў камерцыйным банкам у поўнай меры забяспечыць абменныя пункты замежнай валютай. „З улікам павышанага попыту на замежную валюту, што назіраецца ў апошнія дні, Нацыянальны банк лічыць неабходным прыняцце з боку банкаўскага сектара ўсебаковых і вычарпальных мер па своечасовым падмацаванні абменных пунктаў, кас грашовай наяўнасцю ў аб’ёмах, неабходных для бесперабойнага правядзення валютна-абменных аперацый на працягу працоўнага дня і ажыццяўлення аперацый па продажы наяўнай замежнай валюты насельніцтву”, — гаворыцца ў лісце, які рэгулятар накіраваў у банкі.