У Гародні ўзмацніўся ціск на незалежнае грамадства



Узмацняецца ціск на прадстаўнікоў незалежнага беларускага грамадства ва ўсіх рэгіёнах.

У Гародні ўладныя і праваахоўныя органы перайшлі да запалохвання і псіхалагічнага ціску на людзей – канстатуе лідар праваабарончага цэнтру “Вясна” на Гарадзеншчыне – Віктар Сазонаў:

– Неверагоднаму псіхалагічнаму ціску падвяргаюцца ўдзельнікі мірных акцый, якіх рознымі спосабамі выклікаюць у Следчы камітэт у якасці сведкаў з-за нібыта заведзенай крымінальнай справы за арганізацыю масавых беспарадкаў. Людзям прысылаюць так званыя позвы рознымі спосабамі – па пошце, СМСамі, праз тэлефонныя званкі, нават па электроннай пошце, да некаторых прыязджаюць дахаты. Грамадства звязвае такія дзеянні безумоўна з псіхалагічным ціскам з мэтай запалохвання, каб зменшыць пратэстную актыўнасць гарадзенцаў.

Як лічыць праваабаронца, узмацненне ціску ў Гародні не звязана са зменай кіраўніка вобласці, якім прызначаны былы міністр аховы здароўя Уладзімір Каранік. Паводле Віктара Сазонава, змянілася толькі прозвішча, бо загады на пераслед аднолькавыя па ўсёй краіне:

– Вертыкальныя ўлады так створаныя, што яе дзеянні па ўсёй краіне абумоўлены загадамі з аднаго цэнтру. Нейкія безумоўна адрозненні ёсць рэгіянальныя ў залежнасці ад сітуацыі, якая выспявае ў канкрэтным рэгіёне. Тым не менш яны абавязкова маюць адну і тую ж задачу, проста метады і выкананне гэтай задачы, яны ў рэгіёнах адрозніваюцца. 

Дадам, што Следчы камітэт па Гарадзенскай вобласці распачаў крымінальную справу па факце ўдзелу невыяўленых асоб у масавых беспарадках. Гарадзенцаў пачалі выклікаць у праваахоўныя органы ў якасці сведак па ёй.

Цалкам гутарка з праваабаронцам Віктарам Сазонавым прагучыць у нашым сённяшнім дзённым эфіры.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня