Святлана Алексіевіч: Мы хочам аб’яднаць народ (абноўлена)
Допыт пісьменніцы, лаўрэаткі Нобелеўскай прэміі Святланы Алексіевіч у следчым камітэце быў кароткі. Яе выклікалі як сведку па справе аб падрыхтоўцы да захопу ўлады. Справа была заведзена па факце стварэння Каардынацыйнай рады, у склад якой увайшла Святлана Алексіевіч.
Падчас допыту яна скарысталася законным правам не сведчыць супраць сябе:
– Так, я сказала, што я не адчуваю, што мы робім незаконную справу, і ўсё гэта напісана на сайце і мы нічога не рабілі супрацьзаконнага. І мне няма чаго сказаць.
– Вам задавалі шмат пытанняў?
– Не. Паколькі я сказала, што адмаўляюся адказваць на гэтыя пытанні, пра якія напісаныя на кожным куце. Які сэнс.
– А падпіску пра неразгалошванне падпісвалі?
– Не, не бралі.
– Ваш статус не змяніўся, вы – сведка?
– Не змяніўся, так. Пакуль яшчэ.
Святлана Алексіевіч сказала, што не ведае, будуць яе выклікаць яшчэ. «Але зараз я сказала ўсё, што магу сказаць. Усё напісана, мы нічога не хаваем, мы не вядзем ніякай падпольнай працы. Мы кажам, што хочам аб’яднаць народ, каб дапамагчы перажыць палітычны крызіс, які ўзнік у апошні час. На жаль, прэзідэнт не ідзе на дыялог, таму трэба шукаць сілы для дыялога ў самім грамадстве», – сказала Святлана Алексіевіч, калі выйшла са следчага камітэта.
Беларускае Радыё Рацыя
***
Нобелеўскую лаўрэатку па літаратуры выклікалі туды ў якасці сведкі па справе супраць Каардынацайнай рады па ўрэгуляванні палітычнага крызісу ў краіне.
Алексіевіч – сябра Прэзідыума гэтай рады. Перад допытам яна адказала на пытанні журналістаў, з Менску перадае наш карэспандэнт:
– Яна коратка адказала на пытанні, што абсалютна не лічыць сябе ў нечым вінаватай, што стварэнне Каардынацыйнай рады – гэта абсалютна слушны, добры крок, каб прадухіліць абвастрэнне ў беларускім грамадстве. Бо толькі дыялог здольны вывесці з крызісу, які зараз склаўся ў Беларусі. яна выказала захапленне беларускім народам, які яшчэ літаральна некалькі месяцаў таму, падавалася, спаў. І раптам пачалася народная рэвалюцыя. Яна сказала, што ў такім жа захапленні знаходзіцца і Захад, таму што амаль усе развароты буйных газет дэмакратычных краін прысвечаныя Беларусі. Яны захапляюцца людзьмі, якія нягледзячы на такі страшны і недаравальны гвалт, які ўчыніла над пратэстоўцамі ўлада, працягвалі выходзіць на вуліцы, пратэставаць і дамагацца праўды і свабоды.
Падтрымаць Святлану Алексіевіч прыйшлі шматлікія асобы, у тым ліку літаратары Уладзімір Арлоў і Альгерд Бахарэвіч, былы дырэктар Купалаўскага тэатра і дыпламат Павел Латушка, сябра Каардынацыйнай Рады Марыя Калеснікава, палітык Юрый Губарэвіч, агулам прыкладна 150-200 чалавек.
Крымінальную справу пачала Генеральная пракуратура, паводле якой дзейнасць Каардынацыйнай рады накіраваная на захоп дзяржаўнай улады, а таксама на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь.
Беларускае Радыё Рацыя, Менск
Фота: belapan.by