Уладзіміра Родчанку катавалі за салідарнасць



Адвакатам збітых грамадзян Беларусі трэба змагацца не толькі за сваіх падабаронных, але і супраць сістэмы.

Уладзімір Родчанка

У Гародні гісторыя пра збіццё Уладзіміра Родчанкі ў міліцэйскім пастарунку Ленінскага раёна разляцелася па сацыяльных сетках і паказала, што яму давялося перажыць. Яго абражалі, збівалі ў жывот, па рэбрах, спіне і нагах, выбілі калена. Ён праявіў салідарнасць, а ў выніку перажыў сапраўдныя катаванні з боку праваахоўных органах, кажа Аляксандр Бірылаў:

– Ён выйшаў на мірную акцыю каля гарвыканкама. Чатыры чалавека сталі на калені, паднялі над галавой партрэты дзяўчынкі якая пацярпела падчас разгону мірных пратэстаў. Літаральна праз некалькі хвілін былі завезены ў РАУС, дзе па яго словах і адбывалася ўсё тое, што ён апісаў. Былі прычыненыя цялесныя пашкоджанні, абразы, якія пакінулі сляды на целе і тым больш на псіхіцы.

Па словах Аляксандра Бірілыва, пакуль ніякіх фактаў далейшага ціску на яго падабароннага не аказвалася:

– На мой погляд гэта абсалютна абуральныя выпадкі, як і ўсе астатнія, сведкамі якіх мы зараз з’яўляемся. Перавышэнне ўладнымі структурамі, праваахоўнымі органамі сваіх паўнамоцтваў, абсалютна неапраўданае прымяненне гвалту, жорсткае абыходжанне ў адносінах да мірных грамадзян, якія мірна выказваюць сваё меркаванне. Гэта неапраўдана ніякімі законнымі ці маральнымі нормамі.

Па словах Алякандра Бірылава, зараз робіцца ўсё неабходнае, каб абараніць Уладзіміра ад далейшага гвалту, зафіксаваць усе факты перавышэння супрацоўнікамі праваахоўных органаў сваіх паўнамоцтваў, а затым прыцягнення іх да адказнасці.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня