Старшыні страйкама „Гроднапрамбуд” пагражаюць



Гарадзенка, старшыня страйкама „Гроднапрамбуд” Юлія Сліўко штодня атрымлівае пагрозы ў свой бок. Гэтыя пагрозы адбываюцца з розных бакоў.

Пра страйк на прадпрыемстве і пагрозы распавядае Юлія Сліўко:

– Хацелі зрабіць вельмі законна, таму што ўзнік страйк вельмі стыхійна, хутка распаўсюдзіўся па аб’ектах. Пакуль мы абдумвалі, як гэта зрабіць законна, арганізавалі стачкам, дзе людзі прынялі рашэнне пра тое, што старшынёй стачкама буду я. Хоць я іх не арганізоўвала на страйк і не заклікала. А далей пайшоў ціск, спачатку пужалі звальненнем, потым перайшлі на псіхалагічны ціск.

Па словах Юліі, невядомыя пагражаюць па тэлефоне, спасылаючыся, што яны з міліцыі, а таксама з іншых інстанцыяў:

– Тэлефанаванне ўвечары са скрытага нумару пра тое, што калі я «не заткнуся», то маё дзіця выходзіць на двор, і яму можа штосьці прыляцець на галаву. Потым былі запрашэнні ў РАУС, як потым аказалася – ніхто мяне не выклікаў. Я лічу гэта пагрозай і спробай выманіць мяне з дому. Былі тэлефанаванні, калі прадстаўляліся органамі сацапекі, там таксама зняпраўдзілі гэта ўсё. Патрабавалі назваць адрас дзіця. Потым пачаліся тэлефанаванні з пагрозамі непасрэдна з-за таго, што быў зліў персанальных дадзеных у інтэрнэт-рэсурс.

Жанчына напісала скаргі на гэтыя пагрозы ў Кастрычніцкі РАУС Гародні, а таксама збіраецца пісаць скаргу ў Пракуратуру горада і Следчы камітэт па Гарадзенскай вобласці.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота Сяргея Апановіча