Апытанне: Каму ў Беларусі сёння добра жывецца?



„Якую працу трэба цяпер мець у Беларусі, каб атрымліваць добры заробак? Каму ў Беларусі добра жывецца?” На гэтае пытанне адказваюць жыхары Магілёву:

У сілавых структурах. Штат у іх вялікі, плоцяць ім без затрымкі. А ўсе іншыя ў галечы. 600 даляраў – афіцыйная зарплата, як гаварыў наш прэзідэнт, а дзе яны? Каму жыць добра? Работнікам нашага Белага дома і іншым кіруючым арганізацыям.   

– Напэўна, толькі ўраду. Законы пастваралі. Людзей паскарачалі. А працы нідзе няма. Яшчэ і падатак увялі.   – Я будаўнік, прадпрымальнік. Стараешся, робіш, зарабляеш. Усё складаней і складаней. Прыдумваюць усё больш законаў. Усё даражэе.

– Мне добра. Мяне ўсё задавальняе.

– Я не ведаю, дзе тут можна зарабіць. Пенсіі нам хапае. Канешне, калі дзецям сур’ёзна не дапамагаць.

– На любой. Каб добра зарабіць, трэба добра рабіць. Дворнікам, цесляром. Мне добра жывецца.

– Паглядзіце вакол – ніхто галодны не ходзіць, на машынах ездзяць – добра жывецца. Галоўнае – мірнае неба над галавой.

Іншыя магілёўцы адзначылі, што на іх думку, добрыя заробкі ў сферы кампутарных тэхналогій, у сілавых структурах і банкаўскай сферы. «Каб я ведаў, дзе добра зарабляюць, дык сам бы там працаваў…», – сказаў адзін з апытаных.

Беларускае Радыё Рацыя. Паводле БелаПАН.