Макей паразмаўляў з прадстаўніком МЗС Вялікабрытаніі
Кіраўнік МЗС Беларусі Уладзімір Макей правёў 26 жніўня тэлефонную размову з парламенцкім намеснікам міністра замежных спраў і міністра міжнароднага развіцця Вялікабрытаніі (міністрам па справах Еўрапейскага суседства і Амерыкі) Уэндзі Мортан.
Гутарка адбылася па ініцыятыве брытанскага боку, паведамляе прэс-служба беларускага МЗС.
Бакі абмеркавалі сітуацыю ў Беларусі, якая складваецца пасля выбараў, а таксама абмяняліся меркаваннямі наконт перспектыў далейшага двухбаковага ўзаемадзеяння.
„У.Макей звярнуў увагу на неабходнасць працягу канструктыўнага і адкрытага дыялогу, а таксама на недапушчальнасць спробаў санкцыйнага ўмяшання ў справы Беларусі”, — гаворыцца ў паведамленні МЗС.
Варта адзначыць, што Вялікабрытанія не прызнала вынікі прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі.
„Свет з жахам назіраў за гвалтам, які ўжываецца беларускімі ўладамі для задушэння мірных акцый пратэсту, што адбыліся ўслед за гэтымі сфальсіфікаванымі прэзідэнцкімі выбарамі. Вялікабрытанія не прызнае вынікі выбараў. Нам тэрмінова неабходна правесці праз АБСЕ незалежнае расследаванне парушэнняў, з-за якіх выбары былі несумленнымі, а таксам гнюсных рэпрэсій, якія адбыліся за імі”, — заявіў 17 жніўня міністр замежных спраў Злучанага Каралеўства Дамінік Рааб.
Ён падкрэсліў, што Вялікабрытанія сумесна з міжнароднымі партнёрамі будзе „дамагацца ўвядзення санкцый у дачыненні да вінаватых і прыцягваць да адказнасці беларускія ўлады”.