Марыю Калеснікаву выклікаюць на допыт у Следчы камітэт



Сябра прэзідыума каардынацыйнай рады Марыю Калеснікаву таксама выклікаюць на допыт у Следчы камітэт 27 жніўня ў 12 гадзінаў як сведку па справе аб падрыхтоўцы да захопу ўлады. Справа была заведзена па факце стварэння Каардынацыйнай рады. Марыя Калеснікава паведаміла пра гэта каля будынка Следчага камітэта, куды прыйшла падтрымаць пісьменніцу, лаўрэата Нобелеўскай прэміі Святлану Алексіевіч, якую па гэтай жа справе выклікалі на допыт.

Па словах Калеснікавай, гэта відавочны ціск на сябраў Каардынацыйнай рады. Але ён мае адваротны эфект:

– Святлана з’яўляецца часткай прэзідыуму, і ўсіх сябраў прэзідыуму выклікаюць. Гэта абсалютна фармальная працэдура, які выконвае Следчы камітэт. Але з іншага боку мы разумеем, што гэта спосаб ціску на тых людзей, якія, магчыма, жадаюць уступіць у Каардынацыйную раду. І ён абсалютна не спрацаваў, таму што ў той дзень, калі заявілі пра завядзенне і магчымасці крымінальнай справы супраць сябраў Каардынацыйнай рады, нам у гэтую ноч прыйшло 450 заявак на ўдзел у Радзе. Таму абсалютна відавочна, што нікому не атрымаецца нас запужаць альбо неяк ціснуць.

А зараз у Каардынацыйнай радзе ўжо больш за тысячу сябраў. І яна працягвае сваю працу, – кажа Марыя Калеснікава.

Беларускае Радыё Рацыя