ЕЗ і Канада: У Беларусі ёсць міжнародныя абавязацельствы, і мы чакаем іх выканання



 „Як сябры народа Беларусі і прыхільнікі суверэнітэту і незалежнасці Рэспублікі Беларусь падтрымліваем імкненне грамадзян да дэмакратычных перамен”, — гаворыцца ў сумеснай заяве вярхоўнага прадстаўніка Еўрасаюза па знешняй палітыцы і палітыцы бяспекі Жазэпа Барэля і міністра замежных спраў Канады Франсуа-Філіпа Шампаня. Заява апублікаваная на сайце Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў.

„Мы шматкроць і недвухсэнсоўна выказалі сваю пазіцыю адносна характару правядзення прэзідэнцкіх выбараў 9 жніўня ў Беларусі і падзей, якія адбыліся за імі. Прэзідэнцкія выбары не былі ні свабоднымі, ні справядлівымі. Маштабныя дэманстрацыі ў Мінску і ва ўсёй краіне ў нядзелю 23 жніўня павінны дапамагчы ўсведамленню ўладамі таго факта, што для руху наперад Беларусі неадкладна неабходны адкрыты і канструктыўны дыялог”, — гаворыцца ў заяве.

Барэль і Шампань падкрэсліваюць: „У Беларусі ёсць міжнародныя абавязацельствы, і мы чакаем ад уладаў іх выканання. Як дзяржава — удзельніца Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (АБСЕ) Беларусь узяла на сябе абавязацельствы праводзіць сапраўды дэмакратычныя выбары і забяспечваць правы чалавека і асноўныя свабоды. Толькі мірныя і дэмакратычныя працэдуры дазволяць дээскалаваць сітуацыю і знайсці ўстойлівыя рашэння”.

Еўрасаюз і Канада падтрымліваюць прапанову Албаніі, якая цяпер старшынюе ў АБСЕ, арганізаваць візіт сумесна з будучым старшынствам АБСЕ, Швецыяй, каб спрыяць дыялогу ў Беларусі.

„Мы заклікаем улады Беларусі прыняць гэтую прапанову неадкладна. Мы заклікаем усе дзяржавы — удзельніцы АБСЕ таксама падтрымаць гэтую прапанову, — гаворыцца ў заяве. — Мы працягнем уважліва сачыць за сітуацыяй і гатовыя зрабіць свой унёсак у мірнае вырашэнне крызісу. Канада і Еўрапейскі саюз у супрацоўніцтве са сваімі міжнароднымі партнёрамі будуць і надалей падтрымліваць народ Беларусі і рабіць усё, каб яго галасы былі пачутыя і яго правы былі абароненыя”.

belapan.by