Агляд замежнай прэсы



Пра што дамовіліся польскія дэпутаты ў пытанні Беларусі? Ці праўда, што ІТ-кампаніі неўзабаве пакінуць Беларусь? У такіх пытаннях разбіраюцца замежныя журналісты. Падрабязнасці даведаемся ў матэрыяле Кастуся Багушэвіча:

– Польская газета Rzeczpospolita ўважліва сочыць за ўсімі падзеямі ў Беларусі. Раней мы цытавалі артыкул пра падрыхтоўку да сустрэчы ўсіх партый Сейму, а цяпер яна адбылася, і аўтар Міхал Калянка падводзіць вынікі. Ад Канфедэрацыі да Лявіцы — у сераду размова пра сітуацыю ў Беларусі трывала на некалькі дзясяткаў хвілін даўжэй, чым планавалася. Абмеркаванне было выключна шырокім. Пасля сустрэчы прэм’ер-міністр Матэвуш Маравецкі заявіў: па пытаннях, якія вельмі важныя для нашай Айчыны, мы дасягнулі кансэнсусу. Нам удалося дасягнуць яго без погляду на розніцу ў палітычным спектры. Справа Беларусі сапраўды даўжэйшая за адну кадэнцыю польскага парламенту. Найважнейшы нацыянальны інтарэс Польшчы — гэта суверэнная Беларусь. Маравецкі таксама падкрэсліў, што наперадзе чакае абмеркаванне беларускай сітуацыі ў Еўрапарламенце. Адзін з удзельнікаў сустрэчы, прадстаўнік апазіцыйнай партыі, назваў сустрэчу змястоўнай і быў рады, што на дыскусіі былі пачутыя ўсе галасы. Падчас размовы прагучала дэкларацыя аб тым, што калі ў выпадку развіцця сітуацыі ў Беларусі будуць неабходныя далейшыя сустрэчы такога кшталту, то яны будуць праведзеныя. — Атмасфера была надзвычай добрая і гарманічная, — прызнаецца наступны суразмоўца газеты з апазіцыі. Кожная партыя выступала на сустрэчы са сваім наборам патрабаванняў. Левае крыло працягвае патрабаваць пасяджэння Рады нацыянальнай бяспекі па Беларусі. У чацвер у канцылярыі прэм’ер-міністра „Лявіцу” прадстаўлялі Роберт Бедрань, Анджэй Шэйна і Мацей Канечны з партыі „Разам”. Палітыкі Грамадзянскай кааліцыі, якія прысутнічалі на сустрэчы, — Павал Залеўскі, Павал Коваль, Уршуля Зэліньская, Адам Шлопка, Дарыюш Ёньскі, Анджэй Галіцкі. Пасля сустрэчы палітыкі падкрэслілі, што, у прыватнасці, неабходна змяніць палітыку ўрада ў дачыненні да Еўрапейскага Звязу, каб Польшча магла больш эфектыўна праводзіць палітыку ў дачыненні да Беларусі. PSL — Польскую кааліцыю прадстаўлялі Яцэк Пратасевіч, Марэк Савіцкі і Павал Шрамка. — Гэта была вельмі дзелавая сустрэча. Шкада, што ўрад і кіруючая кааліцыя так рэдка супрацоўнічаюць з апазіцыяй па гэтай формуле. Тады польская палітыка, безумоўна, была б лепшай, — прызнаецца Яцэк Пратасевіч з Саюза еўрапейскіх дэмакратаў. У сустрэчы таксама прынялі ўдзел палітыкі з партый, якія ўтвараюць Канфедэрацыю. Былі Якуб Кулеша, Гжэгаж Браун, Роберт Вінніцкі і Януш Каравін-Мікке. Палітыкі Канфедэрацыі без ваганняў прынялі запрашэнне на сустрэчу ў канцылярыі прэм’ер-міністра, якая з’яўляецца часткай сістэматычна рэалізаванай стратэгіі партыі, якая хоча прадставіць сябе ў якасці асноўнай апазіцыі ў Сейме і не толькі, але і са сваімі поглядамі, якія моцна адрозніваюцца ад іншых. — Што вы можаце атрымаць ад гэтай сустрэчы? Гэта вялікая доля галасоў здаровага сэнсу, якія, напрыклад, засцерагаюць ад простага параўнання таго, што адбываецца ў Беларусі, з тым, што адбылося ва Украіне. Гэта дзве розныя сітуацыі і дзве розныя нацыі, — заявіў прэзідэнт Нацыянальнага руху Роберт Вінніцкі пасля сустрэчы. Як дадаў ён, неабходна асцярожна падыходзіць да таго, што адбываецца і што, на яго думку, таксама заўважна ў дэкларацыях урада.

Фірмы, што спецыялізуюцца на інтэрнэт-тэхналогіях, могуць пакінуць Беларусь. Для квітнеючай ІТ-індустрыі не мела значэння, што прэзідэнт гэтай краіны даўно ставіцца да інтэрнэта як да смецця, а рухавіком эканомікі лічыць не сучасныя тэхналогіі, а выключна дзяржаўныя заводы. Да цяперашняга моманту. Гэты сектар можа стаць ахвярай тыдняў жорсткага палітычнага крызісу ва ўсходнееўрапейскай краіне, падвяргаючы небяспецы крыніцы замежнага даходу, якія тоесныя 5% экспарту, піша Reuters. Персанал міжнародных ІТ-кампаній далучыўся да масавых акцый пратэсту і пагражае пакінуць Беларусь пасля перавыбрання Аляксандра Лукашэнкі 9 жніўня. Як расказаў Мікіта Мікада, кіраўнік каліфарнійскага вытворцы праграмнага забеспячэння PandaDoc, менскія супрацоўнікі не могуць нармальна працаваць падчас расповедаў аб катаваннях затрыманых, ператрусах і велізарных фальсіфікацыях выбараў. «Усе ў ІТ-супольнасці, усе беларусы ў краіне і за яе межамі былі ў шоку. Яны былі шакаваныя тым, наколькі груба былі сфальсіфікаваны выбары і наколькі моцна ўжываўся гвалт пасля гэтага”, – сказаў Мікада. Унутранае апытанне паказала, што 83% супрацоўнікаў PandaDoc хочуць перасяліцца з Беларусі. „Калі гэты ўрад застанецца, у Беларусі не будзе PandaDoc”, — дадаў Мікада. Некалькі удзельнікаў акцыі былі забітыя сілавікамі, а тысячы, у тым ліку супрацоўнікі PandaDoc, былі затрыманыя. Урад не каментуе паводзіны ІТ-кампаній, якія пагражаюць пакінуць Беларусь, і не адказаў на просьбу аб каментарыі. Лукашэнка адмаўляе фальсіфікацыі выбараў, а ўрад адмаўляе жорсткае абыходжанне са зняволенымі. Парк высокіх тэхналогій Беларусі скарыстаўся падатковымі льготамі і магчымасцю задзейнічаць адукаваную мясцовую працоўную сілу. У Беларусі ёсць моцныя традыцыі навукі і інжынернай адукацыі, як і ў многіх іншых краінах былога СССР. Калі пачаліся акцыі пратэсту, ІТ-работнікі салідарна сфармавалі чалавечыя ланцугі на вуліцы. Яны стварылі платформы для пошуку людзей, якія зніклі без вестак падчас рэпрэсій, а таксама па зборы сродкаў для ахвяр.

EPAM распачаў праграму перападрыхтоўкі, каб людзі пачалі кар’еру ў сферы ІТ, калі іх звольняць за падтрымку апазіцыі. Заснавальнік EPAM Аркадзь Добкін быў падпісантам адкрытага ліста з заклікам вызваліць зняволеных і за новыя выбары. Галоўны выканаўчы дырэктар Rakuten Viber Джамел Агауа раней казаў, што кампанія можа спыніць інвестыцыі. Падчас рэпрэсій былі затрыманыя двое супрацоўнікаў Viber, адзін з якіх трапіў у лякарню. Сузаснавальнік кампаніі FriendlyData Міхаіл Румянцаў кажа, што ІТ-сферу шакавалі не толькі катаванні і забойствы, але таксама і поўнае адключэнне інтэрнэту ў краіне. Румянцаў сказаў, што гэтага не могуць зразумець партнёры беларускіх праграмістаў у Злучаных Штатах і што яны параўноўваюць сітуацыю з тым, што адбываецца ў Паўночнай Карэі. Былы прэтэндэнт у кандыдаты на прэзідэнцкіх выбарах Валер Цапкала сказаў, што Парку высокіх тэхналогій удалося паказаць, што Беларусь — краіна, якая асацыюецца не толькі з бульбай і сельскай гаспадаркай, але і з перадавымі тэхналогіямі. Аднак Мікіта Мікада лічыць, што пры захаванні Лукашэнкі пры ўладзе, пры татальным адключэнні інтэрнэту па любым патрабаванні аўтарытарнай улады, кампаніі будуць вымушаныя пакінуць Беларусь да змены сістэмы, дадае Reuters.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: Kancelaria Premiera