Курсы даляра і еўра абнавілі максімумы на біржавых таргах
Курсы даляра, еўра і расейскага рубля дасягнулі новых максімальных значэнняў, сведчаць вынікі таргоў на Беларускай валютна-фондавай біржы 27 жніўня.
Так, курс даляра вырас на 0,49% да 2,6612 рубля, еўра — на 0,65% да 3,149 рубля. Расейскі рубель падаражэў на 1% да 3,5413 беларускага рубля за 100 расейскіх.
Беларускія банкі купляюць даляры па 2,7—2,72 рубля, прадаюць — за 2,74—2,8 рубля, еўра купляюць за 3,13—3,21 рубля, прадаюць — за 3,22—3,29 рубля. За 100 расейскіх рублёў банкі прапануюць 3,48—3,56 беларускага рубля, а прадаюць — за 3,58-3,69.
У апошнія тыдні рост курсаў замежных валют набыў пастаянны характар. Пасля прэзідэнцкіх выбараў, якія адбыліся 9 жніўня, афіцыйныя курсы даляра і еўра ў Беларусі ўжо выраслі больш як на 8%, расейскага рубля — больш як на 6%.
Прадстаўнікі банкаўскага сектара і аналітыкі фінансавага рынку адназначна сцвярджаюць, што ў аснове росту курсаў замежных валют ляжаць унутраныя прычыны.
„Калі падае беларускі рубель да ўсіх замежных валют — гэта сведчыць аб тым, што расце ўнутраны попыт на замежную валюту”, — падкрэсліў фінансавы аналітык „Альпары Еўразія” Вадзім Іосуб у каментары БелаПАН.
Эксперт чакае, што ў кароткатэрміновай перспектыве павышаны націск на беларускі рубель будзе захоўвацца. „Да таго часу, пакуль будзе захоўвацца палітычная напружанасць у краіне і ў насельніцтва будзе што канверсаваць, такая сітуацыя на валютным рынку захаваецца”, — прагназуе ён.
Між тым Нацыянальны банк у аўторак, 25 жніўня, распаўсюдзіў сярод камерцыйных банкаў ліст, даручыўшы ім у поўнай ступені забяспечыць абменныя пункты замежнай валютай. „З улікам назіранага ў апошнія дні павышанага попыту на замежную валюту Нацыянальны банк лічыць неабходным прыняцце з боку банкаўскага сектара ўсебаковых і вычарпальных мер па своечасовым падмацаванні абменных пунктаў, кас грашовай наяўнасцю ў аб’ёмах, неабходных для бесперабойнага правядзення валютна-абменных аперацый на працягу працоўнага дня і ажыццяўлення аперацый па продажы наяўнай замежнай валюты насельніцтву”, — падкрэсліваецца ў лісце.