„На нашым месцы мог быць абсалютна любы чалавек”
Пра жудасныя падзеі першых дзён пасля выбараў.
Ілюстрацыйнае фота.
Арцём з сябрам 11 жніўня ішоў па менскім мікрараёне Малінаўка. Сілавікі напалі і пачалі збіваць:
– На нашым месцы мог быць абсалютна любы чалавек, які проста ішоў па вуліцы. Пад’ехалі два бусы, адтуль выскачыла восем чалавек, чатыры ўзяліся за яго, чатыры за мяне. З нашага боку супраціву не было, мы проста леглі на зямлю, але яны пачалі нас збіваць. Яны дасталі жалезныя пруты і пачалі нас збіваць. Жанчыны крычалі: „Што вы робіце!”, „Яны не супраціўляюцца!”, „Не чапайце хлопцаў!”.
Затым хлопцаў закінулі ў мікрааўтобусы і там пачаліся сапраўдныя катаванні:
– Яны здзекаваліся, спрабавалі выціскаць вочы, круцілі нос, вушы, білі, наступалі нагамі на твар. Рабілі ўсё, каб ты страціў апошнюю годнасць, якая ў цябе ёсць. Каб ты зразумеў, што ты тут ніхто, зваць цябе ніяк і ты ніякіх правоў не маеш. Пасля ўсіх гэтых здзекаў і збіцця, яны выкінулі нас у горадзе.
У той дзень у менскіх ізалятарах ужо не было месцаў. І толькі гэта ўратавала хлопцаў ад таго, што яны не трапілі на Акресціна, дзе зазналі б чарговае збіццё і катаванне.
Беларускае Радыё Рацыя