Асудзілі чатырох удзельнікаў пратэстнай акцыі ў Віцебску
Шасцёра хлопцаў і дзяўчат затрымалі 26-га жніўня каля офіса некалькіх ІТ-кампаній на праспекце Будаўнікоў.
На гэтым месцы ўжо некалькі дзён ладзяцца акцыі пратэсту, распачатыя супрацоўнікамі кампаніі EPAM. Адзін з супрацоўнікаў, Канстанцін Клімянок, па затрыманні суткі правёў за кратамі і быў асуджаны да штрафа памерам 54 рублі ( 2 базавыя велічыні). Гэтаксама як і ён, суткі пад вартай правялі Яна Шэцікава, Настасся Галавінец і Андрэй Дробыш.
Хлопец каротка распавёў сваю гісторыю:
– Затрымалі мяне, бо я выйшаў са сцягам выказаць сваю пазіцыю, стаўленне да таго, што адбываецца ў краіне. І ўсё: прыехалі супрацоўнікі міліцыі і сказалі, што ў нашай краіне нельга выказваць сваю пазіцыю…Потым нам паведамілі, што едзем у ІЧУ. Там са мною зносіліся, смяяліся, пагардліва на мяне глядзелі, запісалі – 5 базавых велічынь. І я пайшоў.
Суды над удзельнікамі акцыі пратэсту прайшлі ў ізалятары часовага ўтрымання. Андрэю Дробышу суддзя Першамайскага райсуду Наталля Карабліна прысудзіла найбольшы штраф – 135 рублёў. Самая малодшая з затрыманых, 22-гадовая Яна Шэцікава, ад стрэсу нават не запомніла, які быў вырак суду – ці то папярэджанне, ці то штраф.
Папярэджанне суд вынес і Насці Галавінец, якая прыехала падтрымаць пратэстоўцаў:
– Вырашылі паехаць, падтрымаць “айцішнікаў”, бо чулі, што яны выходзяць. Падтрымаць, а заадно, можа, і пакарміць – бо хлопцы стаяць у свой абедзенны перапынак. Прыехалі, разгарнулі сцягі, спадзяваліся, што ўсе зразумеюць: мы за аб’яднанне, за ўсё добрае, у нас сцягі два розныя… А нас забралі. Усё!
Сустрэць асуджаных з ІЧУ прыйшла Юлія Аляшкоўская – адзіная, каго міліцыянты вырашылі адпусціць без суду. Без суду адпусцілі і журналіста інтэрнэт-выдання “Витебский курьер news” Аляксандра Корнышава. Яго толькі папярэдзілі, што ён мусіць мець пры сабе не толькі бэйдж з прозвішчам і назвай выдання, але і пасведчанне, і камізэльку з надпісам “Прэса”.
Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск