НАТА заклікае Расею паважаць суверэнітэт і цэласнасць Беларусі



Генеральны сакратар NATO Енс Столтэнберг заклікаў Расею паважаць суверэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасць Беларусі.

„Мы заклікаем Расею паважаць суверэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасць незалежнай дзяржавы, Беларусі”, – сказаў ён у чацвер, 27 жніўня, у інтэрв’ю інфармацыйнаму агенцтву Reuters.

Паводле словаў Столтэнберга, NATO паважае суверэнітэт Беларусі і не нарошчвае ваеннай прысутнасці каля межаў гэтай краіны. Вызначаць будучыню сваёй краіны – справа беларускага народа, падкрэсліў генеральны сакратар Паўночнаатлантычнага альянсу.

Сілавы рэзерв для Беларусі

Раней прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін паведаміў, што ў Расеі на просьбу Лукашэнкі сфармаваны рэзерв з супрацоўнікаў праваахоўных органаў, якія могуць быць задзейнічаныя ў Беларусі для дапамогі дзейнай уладзе. Расейскія сілавікі будуць пасланыя ў Беларусь толькі ў тым выпадку, калі беспарадкі ў гэтай краіне выйдуць з-пад кантролю, зазначыў Пуцін. Гэта самы моцны дагэтуль сігнал, што Расея можа быць гатовая да ўжывання сілы ў Беларусі.

Прэм’ер-міністр Польшчы Матэвуш Маравецкі ў рэзкай форме запатрабаваў ад Расеі адмовіцца ад сілавога ўмяшання ў Беларусі. „Польскі ўрад заклікае Расею неадкладна адмовіцца ад планаў узброенага ўмяшання ў Беларусі пад ілжывай падставай нібыта аднаўлення парадку – варожага акту ў парушэнне нормаў міжнароднага права і правоў чалавека беларусаў, якія павінны быць вольныя ў вызначэнні свайго ўласнага лёсу”, – напісаў Маравецкі ў сваім мікраблогу ў Twitter.

dw.com