Кіраўнік МЗС Літвы: Нельга выключаць верагоднасці ўварвання Расеі ў Беларусь
Нельга выключаць верагоднасць уварвання Расеі ў Беларусь, заявіў міністр замежных спраў Літвы Лінас Лінкявічус 28 жніўня журналістам у Берліне, дзе праходзіць нефармальная сустрэча кіраўнікоў МЗС краін ЕЗ. Відэафрагмент гутаркі літоўскага міністра з прадстаўнікамі СМІ размешчаны на сайце Савета ЕЗ.
„Учора мы зноў чулі заявы аб стварэнні рэзервовых сіл, якія могуць быць адпраўленыя ў Беларусь, — сказаў Лінкявічус. — Гэтага пакуль не адбылося, але выключыць гэтага ўварвання нельга. Яно можа прыкрывацца абавязацельствамі двухбаковага дагавора, але мы бачым, што для інтэрвенцыі няма ні прававых, ні ваенных, ні практычных прычын”.
Адказваючы на пытанне аб санкцыях у дачыненні да асоб, якія вінаватыя ў фальсіфікацыі выбараў і ўжыванні гвалту да мірных дэманстрантаў у Беларусі, Лінкявічус сказаў, што ў ЕЗ працягваецца працэс іх абмеркавання. „Мы сёння працягнем абмяркоўваць спіс і ўсе дэталі. Але ніякага рашэння сёння прынята не будзе, бо дадзеная сустрэча мае нефармальны характар, — адзначыў ён. — Тое, што адбываецца [у Беларусі], беспрэцэдэнтна і недапушчальна. І гэта не можа быць апраўдана ніякімі пытаннямі суверэнітэту і гэтак далей”.
Лінкявічус падкрэсліў, што ўсе факты ўжывання гвалту да мірных грамадзян з боку сілавікоў павінны быць расследаваныя. „Але мы пакуль не бачым ніякіх прыкмет гатоўнасці гэта зрабіць”, — сказаў ён.
Кіраўнік МЗС Літвы лічыць, што ў сувязі з гэтым ЕЗ павінен як мага хутчэй увесці санкцыі. На пытанне, ці будзе ў санкцыйны спіс уключаны Аляксандр Лукашэнка, Лінкявічус адказаў: „Я лічу, што ён павінен быць у спісе, але ў кагосьці з маіх калегаў можа быць іншае меркаванне. Будзем абмяркоўваць”.
У сваю чаргу міністр замежных спраў Чэхіі Томаш Петрычак паведаміў, што ў спісе каля 20 чалавек. „Мы пакуль яшчэ афіцыйна не зацвердзілі гэты спіс, але ў нас дасягнутае агульнае разуменне, хто павінен быць у яго ўключаны, — сказаў ён. — Спіс уключае каля 20 чалавек, якія найбольш відавочна ўдзельнічалі ў фальсіфікацыі выбараў і гвалце над грамадзянамі”.
Петрычак таксама лічыць, што Лукашэнка павінен быць уключаны ў санкцыйны спіс.