Аляксей Шота: Паклёп на нашага журналіста адбываецца з розных бакоў
Паклёп на пабітага гарадзенскага журналіста рэгіянальнага выдання Hrodna.life Руслана Кулевіча адбываецца з розных бакоў цягам апошняга тыдня.
Пра паклёп і пагрозы ў бок журналіста распавядае Аляксей Шота, рэдактар выдання:
– 20 жніўня ў смеццевых тэлеграм-каналах, дзе зліваецца розная інфармацыя на ўдзельнікаў пратэстаў, журналістаў у тым ліку, з’явіліся пасты пра нашага журналіста Руслана Кулевіча і яго жонку. Там былі скінутыя прыватныя дадзеныя, акаунты, тэлефоны, адрас прапіскі, праўда, па якім ён не жыве. Вельмі шмат бруду было. Пасля чаго пачалі ім пісаць у асабістыя паведамленні, званіць. Таксама званілі маці з рознымі правакацыйнымі пытаннямі. Нават не хочацца цытаваць іх.
Па словах Аляксея Шоты, паклёп у бок журналіста Руслана Кулевіча адбываўся таксама і з боку дзяржаўнага тэлебачання:
– З’явілася відэа на тэлеканале АНТ у вячэрніх навінах, сюжэт называўся “Развенчание фэйков». Ён даступны на сайце АНТ. Сярод розных фэйкаў назвалі Руслана Кулевіча. Яны сказалі, што рукі ў яго не зламаныя, і ў яго відавочна гіпс на маланцы, як у тэатры. Яго можна здымаць і апранаць назад, каб рабіць “слёзацечныя фоты”. Гэта, канешне, хлусня. У нас ёсць выпіска са шпіталя з дыягназам, якія канкрэтна косткі зламаныя. Таму мы гэта так не пакінем. Зараз абдумваем, як гэтаму даць ход. Мы гатовыя судзіцца з АНТ за гэтую яўную дэзінфармацыю. Гэта прыніжэнне чалавека.
Фота: Белсат
Па словах Аляксея Шоты, Руслан Кулевіч знаходзіцца пасля такіх паклёпаў у яго адрас ў прыгнечаным і нават стрэсавым стане. Рэдакцыя выдання прыме ўсе юрыдычныя захады, каб аспрэчыць гэту непраўдзівую інфармацыю ў адрас свайго журналіста.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня