Свята роднай мовы ў пашыраным фармаце
Свята роднай мовы з аншлагам прайшло ў Менску. Пасля таго, як грамадскай ініцыятыве «Арт сядзіба» ўдаліся Дні вышыванкі, што прайшлі цягам мінулага году, справа дайшла і да Свята роднай мовы. Упершыню ў гэты дзень арганізатары не засяродзіліся толькі на масавай дыктоўцы – у менскім бізнэс-клубе Imaguru аб’ядналіся беларуска-моўныя творчыя ініцыятывы, моўныя курсы, кропкі гандлю сувенірамі і паштоўкамі, канцэрты, выступы паэтаў і шмат іншых цікавых імпрэзаў.
Кажа кіраўнік «Арт-сядзібы» Павел Белавус:
– Нам спадабаўся гэты фармат, калі паралельна ў розных кропках адбываюцца розныя мерапрыемствы, у тым ліку спалучаць з гандалем нейкіх нацыянальных рэчаў. Гэта цікава, бо людзі прыходзяць не толькі нешта пачуць, паслухаць ці ўбачыць, а яшчэ могуць набыць нейкі падарунак.
Альгерд Бахарэвіч: – На такіх імпрэзах заўсёды задумваешся: сапраўды, чым ёсць мова і што можна зрабіць для таго, каб яна сапраўды жыла. Мне здаецца, што колькі не надзявай на мову вышываначкі, нічога добрага мове гэта не прынясе. Мову трэба любіць. А што такое ёсць любоў да мовы? Любоў да мовы выяўляецца выключна ў тым, што на ёй трэба гаварыць.
Святочны марафон у гонар роднай мовы скончыўся канцэртам гуртоў Vuraj, Yamaya, «Крама» ды іншых.
Беларускае Радыё Рацыя