Дзіцячы садок
Канфлікты і непаразуменні ў беларускім грамадстве апошняга часу звязаныя перш за ўсё з тым, што розныя людзі ставяцца па-рознаму да адной і той самай сітуацыі.
І многія суайчыннікі па сваім узроўні разумення жыцця застаюцца на ўзроўні дзіцячага садка, а іншыя – хочацца верыць, што большасць! – сталі дарослымі людзьмі, якія не прыплюшчваюць вочы на тое, што ім не падабаецца, не ігнаруюць рэальнасць, а смела і з гумарам упрагаюцца ў працу. Мірны пратэст і ўсмешкі – гэта няпроста. Стрымліваць эмоцыі, але не быць абыякавымі. Бачыць праўду і не здавацца. Не баяцца. Не кідацца на барыкады (і не пачынаць іх будаваць!) Проста рабіць тое, што можаш.
А дзеці… Дзеці класныя, і яны бяруць з жыцця тое, што бачаць на свае вочы. Адзін хлопчык у горадзе Маладзечна пачуй дзесьці слоган: “Лукашэнку ў аўтазак!” Якога Лукашэнку? Чаму ў аўтазак? Цікава, трэба ж разабрацца… Але прасцей – не чуць такіх дзіўных выказванняў. І выхавальніца ў дзіцячым садку вырашыла закрыць дзіця… не на суткі, не! Проста ў туалеце пакінуць. Замест шпацыру на свежым паветры з іншымі дзецьмі і чытання казак… Замест шчырай размовы…
Сутыкацца з рэальнасцю няпроста. Давайце будзем ігнараваць і ствараць паралельную рэальнасць? Там няма аўтазакаў, збітых паветраных шарыкаў, сукенак няправільных колераў і нобелеўскага лаўрэата па літаратуры, які ходзіць на допыты ў Следчы камітэт… Тым часам гэта не показка, не казка, а наша рэальнасць, якая мала сувязей мае са здаровым сэнсам… І што застаецца рабіць дарослым людзям, якія хочуць застацца ў межах здаровага сэнсу і прававога поля? Пэўна, пашыраць межы здаровага сэнсу і права як каштоўнасці чалавека разумнага ўсімі магчымымі мірнымі сродкамі… А для захавання нервовых клетак не выключаць у сабе такую важную “опцыю” дарослага чалавека як пачуццё гумару.