У ЕЗ узяліся за стварэнне санкцыйнага спісу беларускіх чыноўнікаў



Міністры замежных спраў краін — сябраў Еўрапейскага звяза дамовіліся вызначыць спіс беларускіх чыноўнікаў, супраць якіх будуць уведзеныя санкцыі за фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў і гвалт з пратэстоўцаў.

Еўрапейскі звяз не прызнае вынікі прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі.

Пра гэта віцэ-прэзідэнт Еўрапейскай камісіі, высокі прадстаўнік ЕЗ па пытаннях знешняй палітыкі і бяспекі Жазэп Барэль паведаміў на прэс-канферэнцыі ў Берліне пасля нефармальнага пасяджэння кіраўнікоў МЗС краін — сябраў ЕЗ, якое адбылося 27–28 жніўня. Прэс-канферэнцыя транслявалася на сайце аўдыёвізуальных паслуг Еўракамісіі, паведамляе УНІАН.

У прыватнасці, кіраўнікі МЗС краін ЕЗ разгледзелі сітуацыю ў Беларусі.

„Паміж міністрамі была палітычная дамоўленасць вызначыць канкрэтных асобаў, адказных за несумленныя выбары ў Беларусі і за далейшае падаўленне (пратэстаў) у адпаведнасці з дзейным санкцыйным рэжымам у дачыненні да Беларусі. Гэта вызначэнне павінна ўключаць чыноўнікаў”, — падкрэсліў Барэль.

Паводле яго слоў, спіс асобаў і адпаведныя прававыя акты будуць падрыхтаваныя бліжэйшымі днямі працоўнымі групамі Савета ЕЗ, каб канчатковае рашэнне было прынята як мага хутчэй.

„І ў сувязі з гэтым — я толькі што атрымаў ліст, падпісаны 11 чальцамі Рады ЕС, якія просяць зрабіць гэта як мага хутчэй, настойваюць на больш хуткім прыняцці рашэння, але мы павінны гэта зрабіць у адпаведнасці з усімі прававымі працэдурамі”, — падкрэсліў Барэль.

„Вы выдатна ведаеце, што Еўрапейскі звяз не прызнае вынікі выбараў і лічыць дзеянні (беларускай) улады непрымальнымі. Мы зноў выказваем абсалютную падтрымку суверэнітэту і незалежнасці Беларусі, асуджаем жорсткія рэпрэсіі ў дачыненні да беларускага народа і просім уладу далучыцца да ўсебаковага дыялогу, каб выйсці з крызісу”, — заявіў Барэль.

Таксама ён падкрэсліў, што беларускія ўлады павінны прыняць прапанову кіраўніцтва АБСЕ па візіце ў Беларусь для садзейнічання наладжванню дыялогу паміж уладай і апазіцыяй. У сваю чаргу Еўразвяз падтрымлівае гэтую прапанову.

novychas.by