Юрый Рубцоў бароніць свае правы праз суд



Палітычны вязень Юрый Рубцоў спрабуе змяніць правілы ўнутранага распарадку ў папраўчай установе праз суд. Асуджаны за знявагу гонара суддзі гамяльчук выступае супраць прымусовай і абавязковай працы, якая, паводле ягонага меркавання, супярэчыць беларускаму заканадаўству.

Праваабаронца Леанід Судаленка дапамагаў палітвязню падаваць скаргу ў суд Пружанскага раёну:

– Правілы ўнутранага распарадку ўтрымліваюць такія нормы як абавязковую працу па накіраванні адміністрацыяй. Ці абавязковую працу па ўпарадкаванні інтэрната і прылягаючай тэрыторыі без аплаты. Спадар Рубцоў бачыць у гэтым прымусовую абавязковую працу, якая забароненая і арт. 41 Канстытуцыі, і арт.8 Міжнароднага пакта “Аб грамадзянскіх і палітычных правах”, і Канвенцыяй міжнароднай арганізацыі працы “Аб прымусовай працы”.

Гамяльчук Юрый Рубцоў адбывае пакаранне ў папраўчай установе адкрытага тыпу ў вёсцы Куплін Пружанскага раёну.

Падставай для накіравання апазіцыянера „на хімію” сталася крымінальная справа пра абразу суддзі Кірыла Палулеха, які сцьвярджае, што Юрый Рубцоў абразіў яго ў час разгляду адміністрацыйнай справы.

Беларускае Радыё Рацыя, Гомель