Аляксей Шота: Журналісты атрымалі адпіску



Гарадзенскія журналісты атрымалі адпіску на свой зварот у Следчы камітэт па пытаннях збіцця і затрымання.

Кажа адзін з падпісантаў звароту рэдактар Hrodna.life Аляксей Шота:

– Больш за дваццаць журналістаў гарадзенскіх выданняў і фрылансераў падпісалі зварот у Следчы камітэт з патрабаваннем даць прававую ацэнку гэтаму бязмежжу, якое адбывалася, ці будуць прыцягнутыя адказныя за гэта асобы і г.д. Мы даволі хутка атрымалі адказ, татальную адпіску, дарэчы па-беларуску, што прыемна. Не захацелі яны даваць па-расейску, бо мы судзіліся з імі за гэтага. Яны адказалі максімальна абцякальнымі формамі пра тое, што канешне будзе дадзена ацэнка, чакайце, ва ўсім разбярэмся. Нуль канкрэтыкі. Па пытаннях, якія тычацца непасрэдна справаў УУС, ці пракуратуры, кшталту чакайце адказу ад іх. 

Заява-зварот была накіравана 20 жніўня начальніку УУС Гарадзенскага аблвыканкаму Вадзіму Сіняўскаму, пракурору г. Гародні Уладзіміру Клішыну, начальніку ўпраўлення Следчага камітэта па Гарадзенскай вобласці Алегу Шандаровічу. У заяве былі прыведзены факты затрымання журналістаў-фрылансераў, сябраў Беларускай асацыяцыі журналістаў, а таксама факты збіцця Яна Романа, Руслана Кулевіча і Алеся Дзянісава.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня