У Верхнядзвінску за акцыі пратэсту будуць судзіць пяцярых актывістаў
Грамадскія пратэсты распачаліся ў райцэнтры адразу пасля выбараў, бо незалежныя назіральнікі зафіксавалі некалькі дзясяткаў парушэнняў выбарчага заканадаўства. А самай масавай была акцыя супраць фальсіфікацыі выбараў і міліцэйскага гвалту, якая прайшла 15 жніўня, – на яе сабраліся ад 800 да 1000 чалавек.
Сыходзячы з таго, што насельніцтва Верхнядзвінска каля 7 тысяч, то ў акцыях пратэсту ўзяў удзел кожны 7-мы жыхар.
Паводле мясцовай актывісткі Валянціны Болбат, міліцыянты сачылі за ўдзельнікамі акцый практычна штодня, запісвалі падзеі на відэарэгістратары, а потым аналізавалі запісы ў міліцыі і райвыканкаме.
У выніку з’явіліся 5 адміністрацыйных справаў, кажа актывістка:
– Прывезлі пратакол дахаты. Калі прыехаў той міліцыянт, ён паказаў мне цэлую справу, і там касета з запісамі ўсіх нашых мерапрыемстваў. Мы прыходзілі з шарыкамі, з бел-чырвона-белымі сцягамі, і гэта, як кажуць, стала віной. Сказалі, каб мы чакалі: магчыма, будзе позва, а магчыма, тэлефанаванне.
Суд над жыхаром Верхнядзвінску Алегам Шульлём ужо распачаўся, але міліцыянты скіравалі справу назад у міліцыю – на дапрацоўку. Выклікаў у суд, апрача Валянціны Болбат, чакаюць Наталля Васіленка, Аляксандр Салаўёў і Улад Малаток.
Верхнядзвінскія актывісты склалі зварот да ўладаў, дзе патрабуюць спыніць пераслед мясцовых жыхароў за выказванне сваіх палітычных поглядаў. А таксама зварот да супрацоўнікаў мясцовай раённай газеты “Дзвінская праўда” – каб яны не баяліся асвятлялі і пратэсныя падзеі.
Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск